ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Папа: міжрэлігійны дыялог патрабуе шчырасці і ўзаемнай павагі

Дыялог, каб быць плённым, патрабуе шчырасці і ўзаемнай павагі, з усведамленнем таго, што нас збліжае і адрознівае, - нагадаў 4 мая 2023 года ў Ватыкане Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Pope

Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў VI Калоквіўма паміж ватыканскай Дыкастэрыяй па міжрэлігійным дыялогу і іарданскім Каралеўскім інстытутам міжрэлігійных даследаванняў, які прайшоў у рамках каталіцка-мусульманскага дыялогу.

Святы Айцец адзначыў важнасць узаемных кантактаў і сяброўства, нагадваючы, што братэрства з’яўляецца фундаментам адносін паміж народамі. Ён падзякаваў іарданскаму каралю Абдале ІІ за ўвагу да хрысціянскіх супольнасцей у яго краіне, а таксама на ўсім Блізкім Усходзе. “Яго Вялікасць не стамляецца паўтараць, што хрысціяне гэтых бласлаўлёных зямель з’яўляюцца карэнным насельніцтвам, бо жывуць там, дзе на працягу многіх стагоддзяў жылі іх продкі”, - дадаў Папа.

Францішак заўважыў, што адной з мэт Каралеўскага інстытута міжрэлігійных даследаванняў з’яўляецца захаванне хрысціянскай арабскай спадчыны. Ён падзякаваў за гэтыя намаганні, якія ідуць на карысць не толькі мясцовым хрысціянам, але таксама дапамагаюць захаваць і ўмацаваць мазаіку народаў, рэлігій, культур, моў і традыцыі, з якіх складаецца Блізкі Усход. Пантыфік заклікаў да супрацоўніцтва з хрысціянскімі структурамі, якія маюць такую самую мэту.

Папа падкрэсліў, што дыялог, каб быць плённым, патрабуе шчырасці і ўзаемнай павагі, з усведамленнем таго, што збліжае і адрознівае. “Перш за ўсё мы павінны засяродзіцца на першым, гэта значыць на тым, што нас яднае, як на рэлігійна-духоўным, так і на этыка-маральным узроўні”, - сказаў Францішак, падкрэсліваючы, што да агульных каштоўнасцей, якія прапануюць прасоўваць удзельнікі хрысціянска-мусульманскага дыялогу, адносіцца ўшанаванне адзінага Бога, малітва, пост, пілігрымкі, спагада, дзяленне, клопат аб абяздоленых і церпячых: сіротах, удовах, хворых, пажылых людзях, мігрантах, бежанцах.

Пантыфік заўважыў, што хрысціян і мусульман яднае таксама вера ў вечнае жыццю і Божы суд, калі “мы будзем адказваць перад Богам за свае ўчынкі і атрымаем узнагароду або пакаранне”. “Таму мы падзяляем імкненне да добрага жыцця, якое дае хвалу Богу і радасць усім, каго мы сустракаем у нашай зямной пілігрымцы”, - падкрэсліў Святы Айцец, заклікаючы сваіх гасцей спрыяць будаванню свету, у якім усе змогуць жыць як браты і сёстры, у міры, бяспецы і годнасці.
 

04 мая 2023, 10:39