ҽ

Папа Францішак і рабін Абрагам Скорка Папа Францішак і рабін Абрагам Скорка 

Папа: маніпуляцыі верай дэвальвуюць рэлігійныя каштоўнасці

Францішак скіраваў ліст са словамі віншавання да свайго аргенцінскага сябра рабіна Абрагама Скоркі, якога Трнаўскі ўніверсітэт у Славакіі ўзнагародзіў званнем ганаровага доктара за ўнёсак у развіццё міжрэлігійнага дыялогу.

Ян Глінскі

“Мы знаёмыя шмат гадоў, і я заўсёды быў удзячны вам за намаганні на карысць дыялогу, у прыватнасці, паміж юдэямі і хрысціянамі. На працягу сарака двух гадоў вашай педагагічнай і акадэмічнай дзейнасці вы станоўча паўплывалі на два пакаленні рабінаў, а таксама на каталіцкіх і пратэстанцкіх тэолагаў, цалкам паважаючы акадэмічныя рамкі тэалогіі”, – напісаў Папа у лісце да аргенцінца. Пасланне Святога Айца было зачытана падчас урачыстасці, якая адбылася 10 мая 2023 года.

Пантыфік згадаў пра “дар сяброўства і мудрасці”, атрыманы ад земляка, узгадваючы размовы, якія глыбока ўзбагацілі абодвух. Ён таксама падзяліўся ўспамінамі пра свой візіт у Славакію ў верасні 2021 года і сустрэчу з мясцовай яўрэйскай супольнасцю.

“Паказальна, што вы прымаеце гэтую высокую адзнаку ад Трнаўскага ўніверсітэта, заснаванага ў ХVІІ стагоддзі маімі калегамі-езуітамі, якія да гэтага часу там працуюць, хоць і пры іншых абставінах. Улічваючы тое, што Трнава – горад з балючай гісторыяй для яўрэйскага народа, ваша прысутнасць у гэтым плане з’яўляецца жаданым сімвалам новай старонкі ў гісторыі, так моцна патрэбнай свету”, – напісаў Пантыфік.

Як нагадаў Святы Айцец, “на працягу стагоддзяў верай часта маніпулявалі дзеля дасягнення палітычных і эканамічных мэтаў, што можа прыводзіць толькі да зніжэння вартасці рэлігійных каштоўнасцей”. Пантыфік дадаў, што Рабін Скорка на працягу ўсяго свайго жыцця імкнуўся падкрэсліваць, што рэлігійная традыцыя і павага да правоў чалавека “не павінны канфліктаваць паміж сабой”.

“Вы справядліва імкнуліся паказаць, што людзі веры могуць і павінны абараняць правы чалавека ва ўсіх жыццёвых сітуацыях. Таму я спадзяюся, што намаганні на карысць дыялогу, справядлівасці і мірнага суіснавання будуць усё больш характэрныя для міжчалавечых адносін, незалежна ад іх веравызнання”, – падсумаваў Святы Айцец.
 

12 мая 2023, 08:29