Urbi et orbi: спяшацца насустрач Таму, хто стаў надзеяй свету
Марыя Валодзіна – Pope
“Дарагія браты і сёстры, Хрыстус уваскрос! Сёння мы абвяшчаем, што Ён, Пан нашага жыцця, "уваскрасенне і жыццё" свету (Ян 11, 25), - такімі словамі распачаў Францішак свой велікодны зварот, дадаючы, што “Пасха азначае пераход, таму што ў Езусе адбыўся вырашальны пераход чалавецтва ад смерці да жыцця, ад граху да міласці, ад страху да даверу, ад адзіноты да камуніі”.
Святы Айцец пажадаў, каб пераход ад смутку да суцяшэння адбыўся для кожнага чалавека, асабліва для хворых і бедных, для пажылых людзей і для тых, хто перажывае моманты выпрабаванняў і цяжараў. “Мы не самотныя: жывы Езус з намі назаўжды. Няхай узрадуецца Касцёл і свет, бо сёння нашы надзеі больш не разбіваюцца аб сцяну смерці, бо Пан адкрыў нам мост да жыцця”, - зазначыў Пантыфік, дадаючы, што на Пасху лёс свету змяніўся, і ў гэты Вялікдзень, які “прыпадае на найбольш верагодную дату ўваскрасення Хрыста”, мы можам з радасцю святкаваць самы важны і выдатны дзень у гісторыі.
Папа нагадаў, што ва Ўсходніх Цэрквах уваскрасенне Хрыста абвяшчаюць словамі “Хрыстус уваскрос, сапраўды ўваскрос”. “Гэтае сапраўды кажа нам, што надзея – не ілюзія, а праўда! І што пасля Пасхі, чалавецтва хутчэй ідзе па сваім шляху пад знакам надзеі”, - сказаў Францішак, прыводзячы ў прыклад першых сведак уваскрасення: жанчын, якія “пабеглі паведаміць вучням" (Мц 28, 8), Марыю Магдалену, якая "пабегла і прыйшла да Сымона Пятра" (Ян 20, 2), Яна і Пятра, якія “пабеглі абодва разам” (Ян 20, 4) да таго месца, дзе быў пахаваны Езус. “Адным словам, на Пасху крокі паскараюцца і пераходзяць у бег, таму што чалавецтва бачыць мэту свайго шляху, сэнс свайго лёсу, Езуса Хрыста, і паклікана спяшацца насустрач Таму, хто стаў надзеяй свету”, - сказаў Святы Айцец.
“Паспяшаемся ж і мы расці на шляху ўзаемнага даверу, даверу паміж людзьмі, народамі і нацыямі. Дазволім сабе здзівіцца радаснай навіне пра Пасху, святло якой асвятляе цемру, што занадта часта накрывае свет”, - заклікаў Папа. “Паспяшаемся пераадолець канфлікты і рознагалоссі і адкрыць свае сэрцы тым, хто мае ў гэтым найвялікшую патрэбу. Паспяшаемся ісці сцежкамі міру і братэрства”, - заахвоціў Францішак, запрашаючы “радавацца канкрэтным знакам надзеі”, такім як гасціннасць і дапамога тым, хто бяжыць ад вайны і беднасці.
Аднак, па словах Папы, існуе яшчэ шмат камянёў перапоны, якія робяць наш шлях да Уваскрослага цяжкім і складаным, таму “мы звяртаемся да Яго з малітвай: дапамажы нам спешна ісці насустрач табе! Дапамажы нам адкрыць нашы сэрцы!”
“Дапамажы любімаму ўкраінскаму народу на шляху да міру і пралі Велікоднае святло на рускі народ”, - маліўся Францішак, просячы Пана суцешыць параненых і тых, хто з-за вайны страціў блізкіх, зрабіць так, каб палонныя вярнуліся да сваіх сем'яў, а таксама адкрыць сэрцы ўсёй міжнароднай супольнасці, каб яна імкнулася пакласці канец вайне ва Украіне і ўсім канфліктам, якія заліваюць крывёю свет, пачынаючы з Сірыі, якая ўсё яшчэ не дачакалася міру. “Падтрымай тых, хто пацярпеў ад моцнага землятрусу ў Турцыі і ў той жа Сірыі. Памолімся за тых, хто страціў сям'ю і сяброў і застаўся без прытулку: няхай яны атрымаюць суцяшэнне ад Бога і дапамогу ад сям'і народаў”, - пажадаў Пантыфік.
“У гэты дзень мы даручаем Табе, Пан, горад Іерусалім, першага сведку Твайго ўваскрэсення”, сказаў Папа, выказваючы жывую заклапочанасць з нагоды нападаў, якія адбыліся ў апошнія дні і “пагражаюць жаданай атмасферы даверу і ўзаемнай павагі, неабходнай для аднаўлення дыялогу паміж ізраільцянамі і палестынцамі, каб у Святым горадзе і ва ўсім рэгіёне панаваў мір”.
Францішак скіраваў свае думкі і пажаданні да шэрагу краін і супольнасцяў, якія пакутуюць ад войнаў, крызісаў і бедстваў. “Дапамажы, Божа, Лівану, які ўсё яшчэ шукае стабільнасці і адзінства, каб ён пераадолеў рознагалоссі, каб усе грамадзяне супрацоўнічалі дзеля агульнага дабра краіны. Не забывай пра дарагі народ Туніса, асабліва пра моладзь і тых, хто пакутуе з-за сацыяльных і эканамічных праблем, каб яны не страцілі надзею і супрацоўнічалі ў пабудове будучага міру і братэрства. Звярні свой погляд на Гаіці, дзе ўжо некалькі гадоў людзі пакутуюць ад сур'ёзнага сацыяльна-палітычнага і гуманітарнага крызісу, і падтрымай палітычных дзеячаў і міжнародную супольнасць у іх прыхільнасці пошуку канчатковага вырашэння шматлікіх праблем, якія стаяць перад гэтым пакутуючым народам. Умацуй працэсы мірабудаўніцтва і прымірэння, якія ідуць у Эфіопіі і Паўднёвым Судане, зрабі так, каб спыніўся гвалт у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга”, - звярнуўся да Бога Францішак, просячы Яго таксама падтрымаць хрысціянскія супольнасці, якія святкуюць Вялікдзень у асаблівых абставінах, напрыклад, у Нікарагуа і Эрытрэі, і памятаць пра ўсіх тых, каму забаронена свабодна і публічна вызнаваць сваю веру.
Святы Айцец заклікаў Пана паслаць суцяшэнне ахвярам міжнароднага тэрарызму, асабліва ў Буркіна-Фасо, Малі, Мазамбіку і Нігерыі, а таксама дапамагчы М'янме ісці мірнымі шляхамі.
Акрамя таго, Пантыфік прасіў Пана аб суцяшэнні для бежанцаў, дэпартаваных, палітычных зняволеных і мігрантаў, асабліва найбольш уразлівых, а таксама ўсіх тых, хто пакутуе ад голаду, беднасці і жудасных наступстваў гандлю наркотыкамі, людзьмі і ўсіх формаў рабства. “Натхні, Пане, кіраўнікоў народаў, каб ні адзін мужчына і ні адна жанчына не падвяргаліся дыскрымінацыі і не былі растоптаныя ў сваёй годнасці, каб пры поўнай павазе да правоў чалавека і дэмакратыі гэтыя сацыяльныя бедствы былі ліквідаваны, каб агульнае дабро людзей заўсёды было асноўнай мэтай, каб гарантаваліся бяспека і ўмовы, неабходныя для дыялогу і мірнага суіснавання”, - заклікаў Папа.
Сёння мы верым, мы ўпэўненыя: Хрыстус сапраўды ўваскрос. Мы верым, што з Езусам надзея адродзіцца, а шлях працягнецца. “Пан жыцця, заахвочвай нашы шляхі і паўтарай нам, як вучням у Пасхальны вечар: "Спакой вам!"(Ян 20, 19-21) - завяршыў сваё святочнае пасланне Святы Айцец.