ҽ

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: д’ябал бяссільны там, дзе ёсць малітва

Малітва і рахунак сумлення – важныя сродкі ад д’ябальскіх нападаў, а самым небяспечныя нячыстыя духі – гэта тыя, якія пасяляюцца ў душы чалавека непрыкметна, нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Можна па-сапраўднаму надакучыць д’яблу, калі намагацца наследаваць Пана і рабіць тое, што кажа Евангелле. Гэта яго раздражняе. У той жа час, ён, вядома, радуецца, калі я здзяйсняю нейкі грэх. Ён шукае падзення чалавека, але не мае надзеі, калі ёсць малітва”, - заўважыў Папа ў інтэрв’ю журналісту Фабіа Маркезэ Рагону, якое было апублікавана ў кнізе Экзарцысты супраць сатаны (Esorcisti contro satana). 11 красавіка 2023 года выданне з’явілася ў італьянскіх кнігарнях.

Францішак зазначыў, што сам ніколі не займаўся экзарцызмам, але падчас біскупскага служэння ў Буэнас-Айрэсе яму даводзілася скіроўваць да экзарцыстаў людзей, якія скардзіліся на апантанасць.

Папа падкрэсліў, што д’ябал можа нападаць на ўсіх, у першую чаргу на тых, хто займае адказныя пасады ў Касцёле і грамадстве. Ён нагадаў, што сатана спрабаваў спакушаць нават Езуса. “Таксама і Папа падвяргаецца нападам злога. Мы – людзі, а ён заўсёды спрабуе атакаваць нас. Гэта балюча, але перад абліччам малітвы ў яго няма ніякай надзеі!”, - сцвердзіў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што д’ябал можа ўвайсці ў супольнасць вернікаў, каб сеяць падзелы і настройваць адных супраць іншых. “Ён імкнецца падсцерагчы чалавека, каб сапсаваць яго сэрца і розум. Адзінае выратаванне – ісці шляхам, указаным Хрыстом”, - дадаў Францішак.

Адказваючы на пытанне пра тое, ці трэба баяцца д’ябла, Папа сказаў, што лічыць найбольш небяспечнымі “ветлівых” дэманаў, якія непрыкмента ўваходзяць у душу чалавека, што не заўважае гэтага, бо не здзяйсняе рахунак сумлення або не з’яўляецца ні халодным, ні гарачым з духоўнага пункту гледжання.

Францішак зазначыў, што пра такіх духаў Езус апавядае ў Евангеллі святога Лукі, калі кажа, што нячысты дух, выгнаны з чалавека, блукае ў бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, а калі не знаходзіць, вяртаецца да дому свайго, і бачачы яго вымеценым і прыбраным, прыводзіць з сабой іншых сем духаў, злейшых за сябе, што бывае для чалавека горшым за першае.

Такія нячыстыя духі – жудасныя, яны забіваюць, а апантанасць імі з’яўляецца найгоршай, бо “духоўная марнасць хавае ўсё гэта”. “Дэман або знішчае прамым чынам, праз войны і несправядлівасць, або робіць гэта вытанчана, вельмі дыпламатычна”, - сказаў Пантыфік, адзначаючы важнасць духоўнай праніклівасці ў барацьбе з д’яблам.
 

11 красавіка 2023, 11:29