ҽ

Пантыфік папярэдзіў аб рызыцы тэхнакратычнага мыслення

Быць цэнтрам універсальнасці і свабоды, плённай пляцоўкай гуманізму, лабараторыяй надзеі, - пажадаў Папа кожнаму ўніверсітэту падчас сустрэчы з прадстаўнікамі навукі і культуры Венгрыі.

Марыя Валодзіна – Pope

30 красавіка 2023 года Папа правёў апошнюю сустрэчу ў рамках свайго Апостальскага візіту ў Венгрыю. У Каталіцкім універсітэце імя Пэтэра Пазманя ён сустрэўся з прадстаўнікамі навукі і культуры. У сваёй прамове Францішак адзначыў, што яму падабаецца думаць пра тое, як плынь Дуная звязвае Венгрыю з многімі іншымі краінамі, як геаграфічна, так і гістарычна. Культура, у пэўным сэнсе, падобная на вялікую раку: яна перасякае розныя рэгіёны жыцця і гісторыі, звязваючы іх, дазваляе арыентавацца ў свеце, наталяе смагу ведаў, прымушае грамадства расці. Слова культура паходзіць ад дзеяслова культываваць - штодня апрацоўваць пасевы, які прыносяць плён, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа працытаваў Рамана Гвардзіні, вялікага інтэлектуала і чалавека веры, які 100 гадоў таму пісаў, што існуе дзве формы пазнання: адна вядзе да паглыблення ў аб'ект і яго кантэкст, іншая, наадварот, збірае прадметы, разбірае іх на часткі, сартуе, авалодвае імі, дамінуе над імі. Першая форма пазнання падобная на служэнне, творчасць з улікам прыроды, без выхаду за ўстаноўленыя рамкі. Другі спосаб пазнання “не назірае, а аналізуе, не паглыбляецца ў аб'ект, а захоплівае яго”. У гэтым другім спосабе пазнання ўсё зводзіцца да адной мэты - машыны, так "развіваецца тэхніка прыгнёту жывой істоты", - сказаў Святы Айцец.

Гвардзіні не дэманізуе тэхніку, якая дазваляе нам жыць лепш, камунікаваць, дае шмат пераваг, але ён папярэджвае аб рызыцы таго, што тэхніка можа рэгуляваць наша жыццё або нават дамінаваць у ім. У гэтым сэнсе ён бачыў вялікую небяспеку: што стане з жыццём, калі яно апынецца пад гэтым ярмом? Што адбудзецца, калі мы сутыкнемся з перавагай імператываў тэхнікі? Ці можа застацца жывым жыццё, замкнёнае ў машыннай сістэме? – запытаў Папа.

Гэтым пытаннем павінны задавацца асабліва там, дзе глыбока вывучаюць інфарматыку і біёніку. Тое, што прадбачыў Гвардзіні, у нашы дні здаецца відавочным: дастаткова падумаць аб экалагічным крызісе, аб адсутнасці абмежаванняў, аб гатоўнасці паставіць у цэнтр не чалавека з яго адносінамі, а індывіда, засяроджанага на ўласных патрэбах, які прагне прыбытку, які імкнецца захапіць рэчаіснасць. Дастаткова падумаць аб наступствах эрозіі сацыяльных сувязяў, у выніку якой адзінота і страх з экзістэнцыяльных ператвараюцца ў сацыяльныя ўмовы. Колькі адзінокіх людзей, вельмі актыўных у сацыяльных сетках і малаактыўных у грамадстве, звяртаюцца да суцяшэння тэхнікі, каб запоўніць пустэчу якую яны адчуваюць. Ва ўмовах дзікага капіталізму шалёны бег ідзе рука аб руку з унутранай уразлівасцю. “Кажучы гэта, я не хачу выклікаць пачуццё песімізму, гэта супярэчыла б веры, якую я з радасцю вызнаю, а паразважаць над гэтым бясчынствам быць і мець, у якім яшчэ на світанку еўрапейскай культуры бачыў пагрозу Гамер, і якое абвастрылася з выкарыстаннем алгарытмаў, здольных прывесці да далейшай дэстабілізацыі чалавека”, - папярэдзіў Святы Айцец.

Папа ўзгадаў раман Уладар свету Роберта Бэнсана, у якім адзначаецца, што "механічная складанасць не з'яўляецца сінонімам сапраўднай велічы, а ў самай раскошнай знешнасці хаваецца тонкае падступства". У гэтай кнізе, у пэўным сэнсе прароцкай, апісваецца будучыня, у якой пераважае тэхніка і ў імя прагрэсу ўсё выраўноўваецца, нівеліруецца: усюды прапаведуецца новы "гуманізм", які адмяняе адрозненні, адмяняе гісторыі народаў і рэлігіі. Сутыкаючыся з машынамі, людзі становяцца ўсё больш і больш аднастайнымі, а звыклае жыццё становіцца сумным і разрэджаным. У гэтым прагрэсіўным, але змрочным свеце, дзе ўсе здаюцца нячулымі, можна пакінуць хворых і прымяніць да іх эўтаназію, адмяніць нацыянальныя мовы і культуры для дасягнення ўсеагульнага міру, універсальнага міру, які фактычна ператвараецца ў пераслед, навязванне згоды, - папярэдзіў Папа.

Пантыфік патлумачыў, што прывёў гэтую змрочную карціну, таму што менавіта ў гэтым кантэксце лепш за ўсё прыкметна роля культуры і ўніверсітэта. Універсітэт, як вынікае з яго назвы, гэта месца, дзе нараджаецца, расце і спее думка. Гэта "храм", дзе веды закліканы вызваліцца ад вузкіх межаў, ад быць і мець, каб стаць культурай, культываваць чалавека і яго базавыя адносіны з трансцэндэнтным, з грамадствам, з гісторыяй, з тварэннем, - дадаў Папа.

На другім Ватыканскім Саборы гаварылася пра тое, што культура павінна імкнуцца да цэласнай дасканаласці чалавечай асобы, да дабра грамадства і ўсяго чалавецтва. Таму неабходна развіваць здольнасць чалавека да захаплення, інтуіцыі, сузірання, здольнасць фармаваць уласнае асабістае меркаванне і культываваць рэлігійны, маральны і сацыяльны сэнсы, - лічыць Францішак.

Вялікія інтэлектуалы сціплыя, - адзначыў Пантыфік. З другога боку, таямніца жыцця раскрываецца тым, хто ўмее ўнікаць у дэталі, у дробязі. На думку Папы, культура і навука нясуць у сабе здаровую трывогу, неспакой, а не звычку. Яны даследуюць, пытаюцца, дапытваюцца, рызыкуюць, шукаюць. Яны адкрываюцца іншым культурам і адчуваюць неабходнасць дзяліцца ведамі. У гэтым заключаецца ўніверсітэцкі дух, падкрэсліў Папа, падзякаваўшы за супрацоўніцтва з іншымі адукацыйнымі ўстановамі, за працу са студэнтамі з іншых рэгіёнаў свету, такіх як Блізкі Усход, асабліва з пацярпелай Сірыі. Адкрываючыся на іншага, чалавек лепш спазнае сябе, - сказаў Святы Айцец.

Культура суправаджае нас у пазнанні саміх сябе. На розум прыходзіць знакамітая фраза "Спазнай самога сябе", але што значыць спазнаць самога сябе? Гэта значыць ведаць свае абмежаванні, а значыць абмяжоўваць сваё пачуццё самадастатковасці. Гэта ідзе нам на карысць, таму што, толькі прызнаўшы сябе стварэннямі, мы паглыбляемся ў свет, а не дамінуем над ім. І хоць тэхнакратычнае мысленне імкнецца да прагрэсу, які не дапускае абмежаванняў, сапраўдны чалавек уразлівы, і менавіта дзякуючы сваёй уразлівасці ён разумее, што залежыць ад Бога і звязаны з іншымі і з тварэннем. Такім чынам, спазнанне самога сябе азначае дыялектычнае ўсведамленне ўразлівасці і велічы чалавека. Са здзіўлення гэтым кантрастам нараджаецца культура, - адзначыў Папа, пажадаўшы навукоўцам "культываваць гэта захапляльнае адкрыццё праўды".

Менавіта на праўду звярнуў далей увагу Святы Айцец. Езус сказаў: "Праўда вызваліць вас" (Ян 8, 32). У Венгрыі адна ідэалогія змяняла іншую, навязваючы праўду, але не даючы свабоды. І сёння гэтая рызыка працягвае існаваць, - папярэдзіў Папа, удакладняючы, што ён мае на ўвазе пераход ад камунізму да спажывецтва. У аснове абодвух "ізмаў" ляжыць ілжывая ідэя свабоды. Камунізм быў абмежаванай кімсьці звонку свабодай. Спажывецтва - гэта распусная, геданічная свабода, засяроджаная на сабе, якая робіць з чалавека раба спажывання і рэчаў. Як лёгка перайсці ад забароны думаць, абмежавання думкі, як у камунізме, да мыслення без усялякіх абмежаванняў, як у спажывецтве! Ад затарможанай свабоды да свабоды без тармазоў. Езус жа прапануе выхад, кажучы, што праўда – гэта тое, што вызваляе чалавека ад яго залежнасці і забаронаў. Ключом да гэтай праўды з'яўляюцца веды, заснаваныя на любові, адносінах, сціплыя і адкрытыя, канкрэтныя і супольныя, адважныя і канструктыўныя. Гэта тое, што ўніверсітэты закліканы культываваць, а вера сілкаваць, - адзначыў Святы Айцец, пажадаўшы кожнаму ўніверсітэту быць цэнтрам універсальнасці і свабоды, плённай пляцоўкай гуманізму, лабараторыяй надзеі.

30 красавіка 2023, 17:00