Крыжовы шлях у рымскім Калізеі: галасы міру ў час вайны
Аляксандр Панчанка – Pope
Тэксты медытацый былі падрыхтаваны на падставе сведчанняў людзей з розных рэгіёнаў свету, якія спазналі жахі вайны і гвалту, але вынеслі з гэтага трагічнага досведу толькі жаданне міру. Пантыфік пачуў іх падчас сваіх Апостальскіх падарожжаў і пры іншых нагодах.
Удзельнікі набажэнства пачуюць гісторыі жыхароў Святой Зямлі, Афрыкі, Паўночнай Амерыкі, Блізкага Усходу і Усходняй Еўропы: мігрантаў, людзей, якія сталі сведкамі гібелі іх блізкіх, ахвяр беднасці і карупцыі, нянавісці, узброеных канфліктаў і катаванняў.
Падчас дзясятай стацыі прагучыць сведчанне школьнікаў з Украіны і Расіі. Першы, разам са сваімі бацькамі і братам, уцёк з Марыупаля ў Італію, але, адчуўшы сябе пазбаўленым усяго ў новай краіне, вярнуўся на радзіму, дзе працягвае жыць з надзеяй на вяртанне міру. Другі – дзеліцца болем ад пачуцця віны, краху надзеі і мар пра будучыню, гібелі старэйшага брата, знікнення без вестак бацькі і дзядулі. “Усе нам казалі, што трэба ганарыцца, але дома – толькі боль і смутак”, - прызнаецца расійскі юнак, молячыся аб міры і братэрстве. Завяршаецца іх разважанне зваротам да Пана з просьбай, каб ачысціў ад злобы, агрэсіўных слоў і рэакцый, учынкаў, якія ствараюць падзелы, ад імкнення вылучыцца, прыніжаючы іншых людзей.