Францішак: мару пра больш адкрыты і пастырскі Касцёл
Аляксандр Панчанка – Pope
Францішак прызнаўся, што яго марай з’яўляецца больш пастырскі, справядлівы і адкрыты Касцёл, які ідзе шляхам, вызначаным Другім Ватыканскім Саборам. На заўвагу журналісткі пра тое, што адкрытасць Папы на “згубленых авечак” для некаторых з’яўляецца прычынай абурэння, як гэта здарылася са старэйшым братам з прыпавесці пра блуднага сына, Пантыфік адказаў, што так бывае заўсёды, але для Езуса ключавым словам было “усе”. “Для мяне гэта ключ пастырскай адкрытасці. Усе ўсярэдзіне дома”, - дадаў ён, прызнаючы, што гэта стварае шмат шуму.
Езус таксама сустракаў супраціў, але трэба дзейнічаць у свабодзе Святога Духа і шукаць Божую волю, - сказаў Францішак, адзначаючы таксама неабходнасць адпаведнай фармацыі будучых святароў і звяртаючы ўвагу на патрэбу ў рэвізіі семінарый.
Гаворачы пра змены ў Касцёле Папа падкрэсліў, што ён працягвае шлях рэформ папярэдніх Пантыфікаў: Паўла VI, Яна Паўла І, Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI, які першы пачаў афіцыйна вырашаць праблему злоўжыванняў. “Ён быў тэолагам, але таксама і чалавекам, які цалкам аддаваўся справам. Мне не хапае Бэнэдыкта, ён быў сабратам”, - сказаў Францішак.
Частка інтэрв’ю была прысвечана пагрозе гендарнай ідэалогіі. Папа заўважыў, што не піша новую энцыкліку і адмоўна адказаў на пытанне пра тое, ці прасілі яго напісаць дакумент на гэту тэму. У гэтым кантэксце Святы Айцец адзначыў, што трэба “заўсёды адрозніваць душпастырскую дзейнасць з асобамі іншай сексуальнай арыентацыі ад гендарнай ідэалогіі”.
“Гэта дзе розныя рэчы. Гендарная ідэалогія на дадзены момант з’яўляецца адной з найбольш небяспечных ідэалагічных каланізацый. Яна выходзіць за рамкі сексуальнай сферы. Чаму яна небяспечная? – Бо размывае адметнасці”, - сказаў Папа, дадаючы, што адметнасці – гэта багацце ўсяго чалавецтва, а напружанасць паміж імі спрыяе ўзрастанню.
Гаворачы пра вайну ва Украіне Пантыфік абвергнуў існаванне ватыканскага мірнага плана, але падкрэсліў, што Святы Пасад прыкладае шмат намаганняў, каб пакласці канец жорсткаму расійскаму ўварванню. На пытанне пра тое, ці можна назваць генацыдам масавыя забойствы, якія здзяйсняюцца ва Украіне, Папа адказаў, што слова “генацыд” мае тэхнічнае значэнне, але “калі бамбяць школы, шпіталі, сховішчы, то складаецца ўражанне, што гаворка не ідзе пра акупацыю месца, але пра знішчэнне”. “Не ведаю, генацыд гэта, ці не – гэта пытанне павінна быць даследавана, павінна быць добра акрэслена людзьмі, але дакладна, тут няма этыкі вайны, да якой мы прызвычаіліся”, - дадаў Святы Айцец.
Францішак у чарговы раз зазначыў, што паедзе ў Кіеў, толькі калі зможа паехаць і ў Маскву. “Я гатовы ехаць у Кіеў. Я хачу ў Кіеў. Але пры ўмове, што я таксама паеду ў Маскву. Я паеду ў абодва месцы або ў ніводнае з іх”, - сказаў Папа. Ён вырашыў, што для яго паездка ў сталіцу Расіі “не немагчымая”, а таксама падкрэсліў, што вайна прычыняе яму вялікі боль.