ҽ

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў курсаў для спаведнікоў Аўдыенцыя для ўдзельнікаў курсаў для спаведнікоў  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Францішак: міласэрнасць – тоеснасць і місія Касцёла

Нішто так не аддаляе і не перамагае зло, як Божая міласэрнасць, - нагадаў Папа ўдзельнікам курсаў для спаведнікоў, якія штогадова праводзяцца ў Ватыкане па ініцыятыве Апостальскай пэнітэнцыярыі.

Аляксандр Панчанка – Pope

Касцёл, які вырушае ў дарогу, мае вялікае жаданне ўдзяляць міласэрнасць – плён спазнанай бясконцай міласэрнасці Айца і Яго ўсёабдымнай моцы, заўважыў Святы Айцец падчас аўдыенцыі, якая 23 сакавіка 2023 года прайшла ў Ватыкане. Ён звярнуў увагу сваіх гасцей на непарыўную сувязь паміж місійным пакліканнем Касцёла і нясеннем міласэрнасці ўсім людзям. Міласэрнасць – гэта адна з рысаў Касцёла, якая дапамагае заззяць яго святасці і апостальскаму характару.

Папа заўважыў, што Касцёл спрадвеку выражаў сваю “міласэрную тоеснасць”, скіраваную да цела і душы чалавека, прагнучы, разам са сваім Панам, цэласнага збаўлення асобы. Міласэрнасць, на яго думку, дазваляе адкрыць людзям такое аблічча Бога, якое паказаў нам Езус.

Францішак заклікаў святароў, асабліва ў перыяд Вялікага посту, праявіць пастырскую руплівасць, удзяляючы сакрамэнт споведзі. Ён заахоціў прымаць усіх без прадузятасці, слухаць братоў “вухам сэрца”, адпускаць грахі, тым, хто каецца, шчодра ўдзяляючы ім прабачэнне Бога, суправаджаць на пакаянным шляху, без прымусу, ідучы ў нагу з вернікамі, з цярплівасцю і няспыннай малітвай. Святар у канфесіянале не павінен быць гаваркім, але велікадушным, і памятаць, што сам з’яўляецца грэшнікам і служыцелем міласэрнасці.

Пантыфік заклікаў надаць важнае месца служэнню сакрамэнтальнаму прымірэнню ў душпастырскіх планах мясцовых Касцёлаў, у тым ліку ў святле Юбілею 2025 года, які набліжаецца. Ён пажадаў, каб у кожным катэдральным касцёле, кожным санктуарыі, у кожным пастырскім асяродку быў дзяжурны, заўсёды даступны спаведнік.

“Калі місіяй Касцёла з’яўляецца міласэрнасць, мы павінны наколькі магчыма аблегчыць доступ вернікаў да гэтай “сустрэчы любові”, асабліва ў месцах клопату і пакут”, - сказаў Папа, дадаючы: “калі для аздараўлення цела ўжо не многае можна зрабіць, заўсёды можна і трэба рабіць шмат для здароўя душы!”. Індывідуальная споведзь – гэта прывілеяваны шлях сустрэчы з Божай міласэрнасцю, падкрэсліў ён.

Святы Айцец звярнуў увагу на шматлікі ачагі нянавісці і помсты ў сучасным свеце. У гэтай сітуацыі спаведнікі павінны памнажаць “агмені міласэрнасці”. “Давайце не будзем забываць, што мы прымаем удзел ў звышнатуральнай барацьбе, барацьбе, якая выглядае асабліва жорсткай у наш час, нават калі мы ўжо ведаем канчатковы вынік перамогі Хрыста над сіламі зла. Гэтая перамога па-сапраўднаму адбываецца кожны раз, калі пэнітэнт атрымлівае адпушчэнне грахоў. Нішто так не аддаляе і не перамагае зло, як Божая міласэрнасць”, - падкрэсліў Францішак.
 

23 сакавіка 2023, 12:59