Angelus: Хрыстус вучыць распазнаваць прыгажосць у людзях
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Францішак звярнуўся да евангельскага ўрыўка пра Перамяненне (Мц 17, 1-9), прызначанага на Другую нядзелю Вялікага посту, і падкрэсліў, што вучні бачаць на гары Табор прыгажосць і хараство Божай любові, увасобленай у Хрысце. Ён адзначыў, што праз гэты досвед Езус рыхтуе іх да таго, каб яны змаглі распазнаць гэтую ж прыгажосць у Ім, калі Ён узыдзе на крыж і яго твар будзе знявечаны.
Каментуючы словы Пятра, які хацеў затрымаць гэты цудоўны досвед, Пантыфік адзначыў, што святло Збаўцы нельга звесці да "чароўнага моманту", бо ў такім выпадку яно стала б чымсьці ілжывым, штучным. "Прыгажосць Езуса не аддаляе вучняў ад рэалій жыцця, але дае ім сілы ісці за Ім да самага Ерузалема, да самага крыжа", - дадаў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што гэты евангельскі ўрывак вучыць вернікаў таму, як важна быць з Езусам, нават калі нялёгка зразумець усё, што Ён кажа і робіць для нас. Бо "знаходзячыся з Ім, Мы сапраўды вучымся распазнаваць у Яго твары зіхатлівую прыгажосць любові, якая аддае сябе, нават калі нясе на сабе сляды крыжа”.
Ён дадаў, што менавіта ў “школе Хрыта” мы вучымся распазнаваць такую ж прыгажосць на тварах тых, хто ходзіць побач з намі кожны дзень: членаў сям'і, сяброў, калег, тых, хто клапоціцца пра нас ва ўсіх сэнсах.
“Колькі зіхатлівых твараў, колькі ўсмешак, колькі маршчын, колькі слёз і шрамаў кажуць пра любоў вакол нас! Давайце навучымся распазнаваць іх і напаўняць імі нашы сэрцы. А затым давайце паспрабуем несці іншым святло, якое мы атрымалі, канкрэтнымі справамі любові (1 Ян 3, 18), паглыбляючыся з большай шчодрасцю ў штодзённую дзейнасць, любячы, служачы і прабачаючы з большым энтузіязмам і гатоўнасцю", - заклікаў Францішак.
Святы Айцец падкрэсліў важнасць прызнання святла Божай любові ў жыцці. "Няхай Марыя, якая захоўвала святло свайго Сына ў сэрцы нават у цемры Галгофы, пастаянна падтрымлівае нас на шляху любові", - сказаў Папа перад малітвай Angelus і апостальскім благаслаўленнем.