Папа на агульнай аўдыенцыі: Святы Дух – рухавік евангелізацыі
Аляксандр Панчанка – Pope
22 лютага 2023 года, падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны евангелізацыйнай руплівасці. Ён прапанаваў паразважаць над значэннем слоў Хрыста: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (Мц 28,19).
Езус не заклікаў ісці, каб “індактрынаваць і займацца празелітызмам”, але навучаць, гэта значыць, даваць кожнаму чалавеку магчымасць увайсці ў кантакт з Езусам, пазнаваць і свабодна любіць Яго; а таксама хрысціць, што значыць пагружаць жыццё ў Айца і Сына, і Духа Святога, - нагадаў Папа.
Францішак зазначыў, што толькі дзякуючы Святому Духу можна прыняць і выканаць місію Хрыста. Ён нагадаў пра тое, як напалоханыя апосталы прабывалі зачыненыя ў Вячэрніку, пакуль не прыйшла Пяцідзясятніца і Святы Дух не сышоў на іх. “Яго сілай гэтыя рыбакі, у большасці непісьменныя, зменяць свет... Такім чынам, абвяшчэнне Евангелля адбываецца толькі ў моцы Духа, які апярэджвае місіянераў і рыхтуе сэрцы: Ён з’яўляецца “рухавіком евангелізацыі”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў, што на самым пачатку гісторыі Касцёла ўзнікла спрэчка аб тым, як паступаць з хрысціянамі, якія раней не вызнавалі юдаізм. Для рашэння гэтага пытання апосталы сабраліся на так званым Ерузалемскім Саборы, першым у гісторыі. Яны, аднак, не кіраваліся чалавечай мудрасцю, не шукалі кампрамісу ці дыпламатычнай раўнавагі, але прыстасаваліся да дзеяння Духа, які апярэдзіў іх, сыходзячы на язычнікаў, як на іх саміх, - заўважыў Пантыфік.
На думку Францішка, Святы Дух таксама і сёння вучыць нас, што кожная рэлігійная традыцыя карысная, калі спрыяе сустрэчы з Езусам. “У Касцёле ўсё павінна адпавядаць патрабаванням абвяшчэння Евангелля; не кансерватыўным або прагрэсіўным поглядам, але таму, каб Езус дасягаў жыцця людзей. Такім чынам, кожны выбар, звычай, структуру і традыцыю трэба ацэньваць у святле таго, наколькі яны спрыяюць абвяшчэнню Хрыста”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа звярнуў увагу на тое, што Святы Дух з’яўляецца святлом, якое кіруе Касцёлам: Ён уносіць яснасць, дапамагае адрозніваць, распазнаваць. “Касцёл, калі не моліцца да Яго і не заклікае Яго, замыкаецца ў сабе, у бясплённых і нудных дэбатах, у знясільваючай палярызацыі, у той час як полымя місіі згасае”, - папярэдзіў Пантыфік, нагадваючы, што Касцёл не павінен ператварацца ў падабенства парламента, але быць супольнасцю людзей, якія абвяшчаюць Езуса Хрыста, кіруючыся Святым Духам.
“Святы Дух кажа нам выходзіць, падштурхоўвае нас абвяшчаць веру, умацоўваць сябе ў веры, заахвочвае ісці на місію, каб адшукаць тое, кім мы з’яўляемся. Вось чаму апостал Павел раіць: “Духа не гасіце” (1Тэс 5, 19). Давайце будзем часта маліцца да Духа Святога, будзем заклікаць Яго, будзем прасіць Яго кожны дзень, каб запаліў у нас сваё святло. Давайце рабіць гэта перад кожнай сустрэчай, каб стаць апосталамі Езуса для людзей, якіх сустракаем. Не гасіце Духа ў хрысціянскіх супольнасцях і ўнутры саміх сябе”, - заахвоціў вернікаў Францішак.