ҽ

Францішак кангалезскай моладзі: будучыня ў вашых руках

Францішак нагадаў кангалезскай моладзі пра адказнасць, якую яны маюць за будучыню сваёй краіны. 2 лютага 2023 года Папа сустрэўся з юнакамі і дзяўчатамі гэтай краіны.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Ніхто ў гісторыі не зможа замяніць вас”, - сказаў Пантыфік распачынаючы трэці дзень свайго Апостальскага падарожжа ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга. Яго сустрэча з мясцовай моладдзю і катэхетамі прайшла на Стадыёне мучанікаў у Кіншасе.

Звяртаючыся да сабраных Папа паразважаў над сімвалізмам чалавечай далоні. У першую чаргу ён зазначыў, што рукі можна выкарыстоўваць па-рознаму: імі можна прыносіць дары Богу, а можна забіць брата. “З тваіх рук нараджаецца заўтра, з тваіх рук можа выйсці спакой, якога так не хапае гэтай краіне”, - сцвердзіў ён.

Пантыфік адзначыў, што пальцы на далоні могуць азначаць пяць “інгрэдыентаў для будучыні”. Вялікаму пальцу – адзінцу – адпавядае малітва, самы важны элемент, бо той, хто моліцца, унутрана сталее і здольны ўзносіць вочы ўвышыню, прыгадваючы сабе, што быў створаны для Неба. “Той, хто моліцца, перамагае страх і бярэ будучыню ў свае рукі”, - дадаў Святы Айцец.

Гаворачы пра ўказальны палец Францішак заўважыў, што менавіта ім мы нешта ўказваем іншым. Іншыя, у сваю чаргу, нагадваюць нам пра супольнасць. “Сябры, не дазваляйце самоце і закрытасці разбурыць вашу маладосць”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што камунікацыя ў лічбавым свеце ніколі не замець рэальных стасункаў, што індывідуалізм вядзе да пустаты, што ўжыванне наркотыкаў пазбаўляе ўсяго, а прывязанасць да акультызму і варажбы замыкае ў страху, помсце і гневе. “Нельга паказваць на кагосьці пальцам, адрынаць з-за іншага паходжання”, - сцвердзіў Папа, папярэджваючы, што забабоны адносна іншых вядуць да апраўдання нянавісці і становячыся крыніцамі насілля і войнаў.

Сярэдні палец узвышаецца над іншымі, быццам нагадваючы пра фундаментальны кампанент будучыні, якім на думку Святога Айца, з’яўляецца сумленнасць. Папа заклікаў маладых людзей пазбягаць карупцыі, ператвараць злоў у дабро, нянавісць у любоў, вайну ў мір. Быць сумленнымі значыць асвячаць шлях іншым, выпраменьваць Божае святло, жыць благаслаўленнем справядлівасці, перамагаючы зло дабром, - сказаў ён.

Гаворачы пра пярсценец Францішак заўважыў, што менавіта гэты палец з’яўляецца самым слабым: ён нагадвае, што вялікія дасягненні жыцця, і перш за ўсё любоў, праходзяць праз слабасці, нястачы і цяжкасці. У сувязі з гэтым Пантыфік нагадаў пра важнасць прабачэння, падкрэсліваючы, што з Богам заўсёды можна пачаць усё з пачатку і заўсёды можна прабачыць.

Нарэшце самы малы палец на руцэ – мезенец – нагадвае пра пакору. Святы Айцец заклікаў моладзь да служэння, падкрэсліваючы, што менавіта яно з’яўляецца сілай, якая перамяняе свет. У гэтым кантэксце Папа асаблівым чынам падзякаваў за служэнне кангалезскім катэхетам, падкрэсліваючы, што для многіх супольнасцей яны з’яўляюцца неабходнымі, як вада.

“Не бойцеся мабілізавацца дзеля дабра, інвестуйце ў дабро, у прапаведаванне Евангелля, рыхтуючыся з запалам і належным чынам, ствараючы арганізаваныя, доўгатэрміновыя праекты. І не бойцеся быць пачутым, бо ў вашых руках не толькі будучыня, але і сённяшні дзень: будзьце ў цэнтры сённяшняга дня!”, - сказаў Папа. Ён заклікаў моладзь і катэхетаў ніколі не падаць духам, бо будучыня ў іх руках. “Няхай ваша краіна зноў стане, дзякуючы вам, братэрскім садам, цэнтрам міру і свабоды ў Афрыцы!”, - сказаў на заканчэнне сваёй прамовы Францішак.
 

02 лютага 2023, 10:43