Папа: біскупская ідэнтычнасць – ўменне гарэць Божым словам
Аляксандр Амяльчэня - Pope
На пачатку сустрэчы, якая прайшла 3 лютага 2023 года ў Кіншасе, Францішак адзначыў, што Касцёл у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга малады, дынамічны, радасны, ажыўлены місіянерскім жаданнем, прысутны ў гісторыі гэтага народа, глыбока ўкаранёны ў рэчаіснасці, актыўны ў дабрачыннасці.
Біскупам Святы Айцец указаў на неабходнасць перажывання блізкасці Бога ў малітве, што патрэбна для сведчання іншым прароцтва надзеі. Ён перасцярог ад духу свецкасці і ўспрымання біскупскай пасады як свайго роду грамадскай узнагароды або магчымасці ажыццяўлення ўлады. Іерархі павінны быць надзейнымі сведкамі Бога і абаронцамі Яго любові да людзей. Біскупская ідэнтычнасць – гэта ўменне гарэць Божым словам, з апостальскай руплівасцю ісці да Божага народа.
“Трэба выкарчаваць атрутныя расліны нянавісці і эгаізму, крыўды і насілля; зрынуць алтары, прысвечаныя грошам і карупцыі; падтрымліваць суіснаванне, заснаванае на справядлівасці, праўдзе і міры; і, нарэшце, пасеяць зерне адраджэння, каб заўтрашняе Конга сапраўды стала такім, пра якое марыць Бог: благаслаўлёнай і шчаслівай зямлёй, якая больш ніколі не спазнае гвалт, прыгнёт і кровапраліццё”, - заклікаў Пантыфік.
Францішак падкрэсліў, што гаворка тут не ідзе пра палітычную ці грамадскую дзейнасць, задача біскупаў – “прапаведаваць слова, каб абуджаць сумленне, асуджаць зло, суцяшаць стомленых і пазбаўленых надзеі”. Прапаведаваць трэба таксама блізкасцю і сведчаннем.
Папа заахвоціў кангалезскіх іерархаў заставацца сведкамі міласэрнасці і прымірэння сярод насілля, якое развязвае не толькі эксплуатацыя рэсурсаў і этнічныя і племянныя канфлікты, але таксама і перш за ўсё цёмная сіла злога.
Паколькі гэта была апошняя афіцыйная сустрэча ў рамках папскага візіту ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга, Святы Айцец падзякаваў уладам краіны і ўсім, хто ўдзельнічаў у яго падрыхтоўцы.