ҽ

Францішак падчас Імшы ў гонар Маці Божай Гвадэлупскай Францішак падчас Імшы ў гонар Маці Божай Гвадэлупскай  (Vatican Media)

Францішак: Гвадэлупская Багародзіца яднае народы

“Марыя, наша Маці, заўсёды з’яўляецца сувяззю еднасці для свайго народа”, - адзначыў Папа ў пасланні з нагоды дня “пабрацімства” двух санктуарыяў Маці Божай Гвадэлупскай у Мексіцы і Іспаніі.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Францішак спаслаўся на паходжанне назвы Гвадэлупа і заўважыў, што па-арабску яна гучыць і як схаваная рака, і як крыніца жывой вады, “якую Езус абяцаў самаранцы” і якая “ў часы непрыняцця і неразумення падтрымлівае Касцёл”.

“Для нас як для душпастыраў, гэта спасылка павінна стаць стымулам да пастаяннага пошуку ў іншым чалавеку той утоенай ракі ласкі, той Божай любові, якая робіць яго неацэнным скарбам. Усё змянілася б, калі б мы, як Багародзіца, маглі бачыць у іншым тую схаваную таямніцу; колькіх няўдач і канфліктаў мы маглі б пазбегнуць”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Францішак спаслаўся і на лацінскае паходжанне слова Гвадэлупа – рака ваўкоў. Тут, на яго думку, гаворка можа ісці “пра гавань міру для тых, хто пакутуе ад уласных грахоў, гвалту, шматлікіх унутраных і знешніх войнаў, якія робяць чалавека чалавеку ваўком”. Святы Айцец перакананы ў тым, што – “гэта тая самая схаваная рака ласкі, якая ў дыялогу з Езусам паказвае нам нашу рэчаіснасць, адкрываючы нас на надзею”.

“Дзева Марыя зноў і зноў заклікае нас быць закваскай камуніі і паяднання паміж Богам і людзьмі, заахвочваючы многіх вернікаў, якія з такой мэтай прыходзяць у санктуарый”, - напісаў ён.

Спасылаючыся на мексіканскае паходжанне слова Гвадэлупа, Папа заўважыў, што Маці Божая паўстае як тая, што перамагае змея. “Такім чынам, Беззаганная з’яўляецца сапраўднай Маці ўсіх тых, хто жыве; тых, хто сёння прыходзіць у гэты храм разам са сваімі душпастырамі абвяшчаць сваю веру ў Сына Божага, у Таго, Хто, утварыўшы ўсё новае, паяднаў з сабою свет”, - дадаў ён.

“Будзем прасіць Бога, каб у кожны час і ў кожным месцы, куды нас кліча Марыя, наша Маці, мы давалі сведчанне той цеснай еднасці, архітэктарам якой можа быць толькі Дух Святы”, - напісаў Францішак у сваім пасланні на дзень “пабрацімства” двух санктуарыяў Маці Божай Гвадэлупскай.

13 лютага 2023, 12:10