Францішак да афрыканскіх святароў: быць слугамі народа
Марыя Валодзіна - Pope
Сустрэча адбылася 2 лютага 2023 года ў свята Ахвяравання Пана і Дзень кансэкраванага жыцця.
Па словах Папы, “калі мы ставім Езуса ў цэнтр жыцця, наш светапогляд змяняецца, і, нягледзячы на ўсе пакуты і цяжкасці, мы адчуваем сябе агорнутымі Яго святлом, суцешанымі Яго Духам, натхнёнымі Яго Словам і падтрыманымі Яго любоўю”. Той, хто прысвячае сваё жыццё святарству, сутыкаецца на гэтай зямлі з велізарнымі праблемамі, небяспечнымі ўмовамі і вялікімі пакутамі, але служэнне Евангеллю таксама нясе і вялікую радасць, бо ўсяляе надзею ў тых балючых абставінах, у якіх жыве народ, - адзначыў Святы Айцец.
Пантыфік паразважаў над словамі прарока Ісаі: “Я пракладу дарогу ў пустыні і рэкі ў пустыні” (Іс 43, 19), праз якога Бог звяртаецца да свайго народа са словамі надзеі і абяцаннем збаўлення. Звяртаючыся да святароў і дыяканаў, місіянераў і семінарыстаў, Папа сказаў: “Праз вас Пан хоча памазаць сёння свой народ бальзамам суцяшэння і надзеі. Вы закліканы паўтараць гэта Божае абяцанне, нагадваць іншым, што Ён стварыў нас і мы належым Яму”.
“Вось што значыць быць слугамі народа: быць святарамі, сёстрамі і місіянерамі, якія спазналі радасць сустрэчы з Езусам і цяпер прапануюць яе іншым. Давайце ніколі не будзем забываць, што святарства і кансэкраванае жыццё становяцца пустымі, калі мы пачынаем думаць, што людзі існуюць для таго, каб служыць нам, а не для таго, каб мы самі служылі ім. Наша служэнне – гэта не прафесія, не сацыяльнае становішча і не сродак забеспячэння нашых сем'яў. Хутчэй, гэта місія – быць знакам прысутнасці Хрыста, Яго безумоўнай любові, Яго прымірэння і прабачэння, а таксама Яго спагадлівага клопату пра патрэбы бедных”.
Паводле Пантыфіка, калі ўспрымаць пакліканне такім чынам, то заўсёды прыйдзецца сутыкацца з цяжкасцямі і пераадольваць спакусы. Папа спыніўся больш падрабязна на трох з гэтых спакус: духоўнай пасрэднасці, свецкім камфорце і павярхоўнасці.
Перш за ўсё, на думку Францішка, трэба пераадолець духоўную пасрэднасць. Жыццёвым прыярытэтам павінна стаць сустрэча з Панам, асабліва ў малітве. Ён заклікаў сваіх слухачоў заставацца вернымі штодзённым малітоўным рытмам, Святой Імшы, Эўхарыстыі, літургіі, а таксама не грэбаваць споведдзю: “Мы заўсёды маем патрэбу ў прабачэнні, каб потым дараваць ласку іншым”. Больш таго, падкрэсліў Папа, каб пераадолець духоўную пасрэднасць і адчуць блізкасць Бога, нельга абмяжоўвацца завучаным чытаннем малітваў, але кожны дзень трэба вылучаць час для інтэнсіўнай малітвы.
Другая задача, паводле Папы, пераадолець спакусу свецкага камфорту, лёгкага жыцця, жадання скарыстацца сваім становішчам для задавальнення ўласных патрэбаў. “Сумна, калі мы замыкаемся ў сабе і становімся халоднымі духоўнымі бюракратамі. Замест таго каб служыць Евангеллю, мы пачынаем распараджацца фінансамі і весці які-небудзь прыбытковы бізнес для сябе. Абуральна, калі гэта адбываецца ў жыцці святара ці рэлігійнага дзеяча, паколькі яны павінны быць узорамі цвярозасці і ўнутранай свабоды”, - папярэдзіў Святы Айцец.
Нарэшце, трэцяя задача - пераадолець спакусу павярхоўнасці. Каб знайсці суцяшэнне ў Слове, народу Божаму патрэбныя адукаваныя і захопленыя Евангеллем святары і рэлігійныя дзеячы. “Было б саманадзейна думаць, што мы можам выконваць місію, да якой заклікаў нас Бог, не працуючы над сабой кожны дзень і не маючы неабходнай духоўнай і тэалагічнай адукацыі”, адзначыў Святы Айцец, дадаўшы, што падрыхтоўка духавенства павінна “быць бесперапыннай, яна павінна ісці на працягу ўсяго жыцця”.
Каб быць добрымі святарамі і кансэкраванымі асобамі, каб служыць людзям і быць сведкамі Божай любові, “недастаткова слоў і намераў: ваша жыццё павінна гаварыць гучней, чым вашы словы”, - параіў Папа. – “Служэнне, да якога вы пакліканы, заключаецца менавіта ў гэтым: несці блізкасць і суцяшэнне, падобна святлу, якое працягвае ззяць сярод навакольнага змроку”.
“Я дзякую вам ад усяго сэрца, браты і сёстры, за тое, хто вы ёсць і за тое, што вы робіце, за ваша сведчанне на карысць Касцёла і света. Не адчайвайцеся, таму што вы нам патрэбныя! Вы каштоўныя і важныя. Я кажу гэта ад імя ўсяго Касцёла”, - падзякаваў афрыканскім святарам, кансэкраваным асобам і семінарыстам Папа.