Святы Пасад: памятаць пра Халакост, каб зверствы не паўтарыліся зноў
Аляксандр Панчанка - Pope
Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры АБСЕ прыняў удзел у пасяджэнні арганізацыі, якое прайшло ў Вене з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту, што адзначаецца 27 студзеня.
Асабліва ў гэты дзень, мы ўспамінаем “невымоўную жорсткасць Халакосту, планавыя дэпартацыі, знішчэнне яўрэйскага народа. Мы ўспамінае пра тысячы людзей, забітых жорсткай нацысцкай машынай пераследу, ахвяраў самых жудасных злачынстваў супраць чалавечнасці, якія страшэнна пакутавалі з-за поўнага пагарджання іх чалавечай годнасцю”, - сказаў прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі.
Ксёндз Урбанчык нагадаў словы Францішка, які на заканчэнне агульнай аўдыенцыі 25 студзеня, сказаў, што “не можа быць пастаяннай прыхільнасці сумеснаму будаванню братэрства без папярэдняй ліквідацыі каранёў нянавісці і насілля, якія падсілкоўвалі жах Халакосту”.
“Гэтыя жорсткасці ніколі не павінны быць забыты, калі мы хочам пабудаваць будучыню, у якой чалавечая годнасць ніколі больш не будзе растаптаная” і “ўмацавацца ў асуджэнні любых спробаў адрадзіць тыя зверствы”, - сцвердзіў святар, нагадваючы пра важнасць перадачы маладым людзям памяці аб мінулае і іх уцягнення “ў барацьбу з нянавісцю і дыскрымінацыяй”.
Дыпламат падкрэсліў, што недастаткова адкінуць зло, але неабходна “разам будаваць агульнае дабро”. На яго думку, гэта нялёгкая задача, бо ў сучасных грамадствах усё яшчэ адчуваюцца нянавісць, гвалт і пагарда да чалавечай годнасці. Таму неабходна заставацца заўсёды пільнымі, памятаючы, што зло, з якім трэба змагацца, гэта не толькі нянавісць, але перш за ўсё “абыякавасць, якая нас паралізуе”. Па гэтай прычыне разам з ахвярамі Халакосту важна памятаць пра тых, хто спрабаваў іх абараніць, часта рызыкуючы ўласным жыццём.
Пастаянны назіральнік пры АБСЕ пацвердзіў “адназначнае асуджэнне Святым Пасадам старых і новых форм антысемітызму”, а таксама адзначыў важнасць памяці і адукацыі для павышэння “ўсведамлення таго, што мы ўсе роўныя ў годнасці” і што мы ўсе павінны працаваць на карысць “міру, узаемнай павагі, абароны жыцця і рэлігійнай свабоды”.