Святы Айцец заклікаў маліцца за выхавацеляў
Аляксандр Панчанка - Pope
“Я хацеў бы прапанаваць выхавацелям дадаць у сваё навучанне новую тэму: братэрства. Выхаванне – гэта ўчынак любові, які асвятляе шлях да аднаўлення пачуцця братэрства, каб не ігнаравалі самых слабых. Выхавацель – гэта сведка, які перадае не свае інтэлектуальныя веды, а свае перакананні, сваю шчырую прыхільнасць. Ён той, хто добра размаўляе на трох мовах: мове галавы, сэрца і рук, у гармоніі. І адсюль нараджаецца радасць камунікацыі”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец выказаў перакананасць у тым, што дзякуючы асабістаму сведчанню выхавацеляў, іх слухаюць больш уважліва і яны становяцца будаўнікамі супольнасці. “Молімся аб тым, каб выхавацелі былі годнымі веры сведкамі, навучаючы братэрству, а не суперніцтву, і асаблівым чынам дапамагаючы найбольш уразлівай моладзі”, - агучыў інтэнцыю Папа.