Святы Айцец распачаў падарожжа ў Афрыку
Аляксандр Панчанка - Pope
У 8.29 самалёт Airbus 359 італьянскай авіякампаніі ITA з Пантыфікам на борце вылецеў з аэрапорта Ф’юмічына ў Кіншасу. Папа прабудзе ў гэтым горадзе да 3 лютага. Пілігрымка ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга пройдзе пад дэвізам Усе паяднаныя ў Езусе Хрысце. Сваім візітам Францішак жадае паспрыяць міру і выказаць блізкасць ахвярам гвалту і войнаў, ад якіх краіна пакутуе з пачатку 1990-х гадоў.
Перад ад’ездам з Дома святой Марты Папа сустрэўся з дзясяткам мігрантаў і бежанцаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судана. У Рыме ім аказвае падтрымку езуіцкі Centro Astalli. На сустрэчы прысутнічаў таксама прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, кардынал Конрад Краеўскі.
Днём раней Пантыфік здзейсніў прыватны візіт у рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памаліўся перад цудатворным абразом Salus Populi Romani, даверыўшы апецы Багародзіцы сваё падарожжа.
Па дарозе ў аэрапорт папскі картэж спыніўся ля помніка італьянскім лётчыкам, забітым у Конга ў 1961 годзе. Францішак ушанаваў іх памяць у малітве. Перад пасадкай у самалёт ён коратка паразмаўляў з біскупам Джанрыка Руцам, пастырам дыяцэзіі Порта-Санта-Руфіна, на тэрыторыі якой знаходзіцца Ф’юмічына.
Палёт будзе працягвацца каля 6 гадзін 50 хвілін. За гэтых час будзе пераадолена 5420 кіламетраў над тэрыторыяй Італіі, Туніса, Алжыра, Нігера, Чада, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Камеруна, Рэспублікі Конга і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Чакаецца на 15.00 самалёт прызямліцца ў Міжнародным аэрапорце Нджылі ў Кіншасе.