Папа засмучаны смерцю свецкага місіянера і сябра бедных
Аляксандр Панчанка - Pope
“Шчодрым місіянерам міласэрнасці і сябрам бедных”, - назваў Святы Айцец сіцылійскага сацыяльнага дзеяча, памерлага 12 студзеня 2023 года ў 59-гадовым узросце пасля працяглай хваробы. Свае спачуванні Пантыфік выказаў у тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна на імя арцыбіскупа Карада Ларэфічэ, пастыра Палермскай архідыяцэзіі.
Францішак падкрэсліў, што свецкі місіянер бачыў менавіта ў бедных аблічча Езуса і “нястомна рабіў для іх усё магчымае, несучы ім суцяшэнне, абарону і надзею”. Святы Айцец адзначыў таксама “мужнае евангельскае сведчанне гэтага вучня Хрыста, які распаліў полымя любові ў горадзе Палерма і ў сэрцах усіх, хто з ім сустракаўся”.
Б’яджа Контэ паходзіў з заможнай сям’і, але ў юнацтве перажыў глыбокі экзістэнцыяльны крызіс. Як следства, спачатку адмовіўся ад спажывецкага ладу жыцця, а потым на працягу года блукаў па сіцылійскіх лясах і гарах. Дзякуючы чытанню Германа Гесэ навярнуўся да Бога.
Прыняты францішканскай супольнасцю ў Карлеонэ, ён адкрыў для сябе постаць святога Францішка і вырашыў здзейсніць пешую пілігрымку ў Асізі. Молячыся ля яго магілы і падчас шматлікіх пешых пілігрымак па Еўропе, ён зразумеў, што павінен клапаціцца пра самых бедных жыхароў свайго роднага Палерма. З думкай пра іх, брат Б’яджа стварыў Місію надзеі і любові. Папа Францішак адведаў яго ў 2018 годзе падчас свайго візіту на Сіцылію.
Апрануты ў касцюм сярэднявечнага пілігрыма, брат Б’яджа быў характэрнай асобай Палерма. Яго дзейнасць дэманструе аблічча Касцёла беднага і для бедных, - заўважыў у каментары для Pope арцыбіскуп Карада Ларэфічэ.