Папа дыпламатычнаму корпусу: спыніць бессэнсоўны канфлікт
Аляксандр Панчанка - Pope
9 студзеня 2023 года Пантыфік правёў традыцыйную штогадовую сустрэчу з дыпламатамі, заклікаючы да ўмацавання дыялогу і супрацоўніцтва на карысць міру ў свеце, пазначаным павелічэннем падзелаў і войнаў. Францішак нагадаў, што “задача дыпламатыі заключаецца менавіта ў тым, каб згладжваць канфлікты, спрыяць атмасферы ўзаемнага супрацоўніцтва і даверу для задавальнення агульных патрэб”.
“Можна сказаць, што гэта практыкаванне ў пакоры, таму што яно патрабуе таго, каб крыху ахвяраваць любоўю да сябе дзеля ўступлення ў адносіны з іншымі, дзеля зразумення іх матываў і пунктаў гледжання, перамагаючы такім чынам чалавечую пыху і высакамер’е, прычыны ўсякай ваяўнічай волі”, - дадаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што сёлета спаўняецца 60 гадоў энцыкліцы святога Яна ХХІІІ Pacem in terris, якая з’явілася ў кантэксце Карыбскага крызісу 1962 года, “калі чалавецтва знаходзілася ў адным кроку ад самазнішчэння” ядзернай зброяй. У нашы дні ядзерная пагроза таксама працягвае пагражаць свету, падкрэсліў ён.
“Сёння ідзе трэцяя сусветная вайна ў глабалізаваным свеце, дзе канфлікты непасрэдна адбываюцца толькі ў некаторых частках планеты, але па сутнасці закранаюць усіх. Найбліжэйшым і апошнім прыкладам з’яўляецца якраз вайна ва Украіне са смяротнымі і разбуральнымі наступствамі; з ударамі па грамадзянскай інфраструктуры, у выніку чаго людзі гінуць не толькі ад бомбаў і гвалту, але таксама ад голаду і холаду”, - сказаў Папа.
Пантыфік працытаваў словы канстытуцыі Gaudium et spes пра тое, што “ўсе ваенныя дзеянні, скіраваныя без выключэння на знішчэнне цэлых гарадоў ці большых рэгіёнаў краіны з іх жыхарамі, – гэта злачынства супраць Бога і самога чалавека, якое заслугоўвае рашучага і неадкладнага асуджэння” (80).
“Не будзем таксама забываць, што вайна асабліва закранае найбольш слабых людзей – дзяцей, старых, інвалідаў – і незваротна разбівае сем’і. Сёння я магу толькі аднавіць свой заклік да неадкладнага спынення гэтага бессэнсоўнага канфлікту, наступствы якога закранаюць цэлыя рэгіёны, таксама за межамі Еўропы з-за наступстваў, якія ён мае ў галіне энергетыкі і вытворчасці прадуктаў харчавання, асабліва ў Афрыцы і Блізкім Усходзе”, - сцвердзіў Папа.
Францішак згадаў пра іншыя тэатры напружанасці і канфліктаў, у прыватнасці ў Сірыі, Святой Зямлі, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, на Паўднёвым Каўказе. Ён выказаў заклапочанасць сітуацыяй у Эфіопіі, Заходняй Афрыцы, М’янме і на Карэйскім паўвостраве. “Мы павінны ісці па шляху ўсеагульнага раззбраення, бо мір немагчымы там, дзе лютуе смяротная зброя”, - дадаў Папа.
Святы Айцец зазначыў, што згодна з энцыклікай Pacem in terris шлях да міру магчымы ў святле чатырох фундаментальных дабротаў: праўды, справядлівасці, салідарнасці і свабоды. “Гэтыя краевугольныя камяні рэгулююць адносіны як паміж людзьмі, так і паміж дзяржавамі”, - падкрэсліў ён.
Пантыфік патлумачыў, што будаванне міру ў святле праўды азначае “павагу да чалавечай асобы з яе правам на жыццё і асабістай недатыкальнасці”, гарантаванне грамадзянам свабоды ў пошуку праўды і выражэнні свайго меркавання.
Папа звярнуў увагу на тое, што дагэтуль у некаторых часткай свету жанчыны лічацца “грамадзянамі другога гатунку”, таксама адзначыў, што мір патрабуе абароны жыцця, у тым ліку ад так званага “права на аборт”. “Права на жыццё знаходзіцца пад пагрозай там, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне”, - дадаў Францішак, згадаўшы апошнія падзеі ў Іране. Ён заўважыў, што ўсё часцей узнікае “страх перад жыццём” і нежаданне ствараць сям’ю, што праяўляецца ў дэмаграфічным крызісе.
На думку Святога Айца, пашырэнню канфліктаў спрыяе неадукаванасць, таму выйсце трэба шукаць у належным выхаванні. Ён заахвоціў паважаць рэлігійную свабоду, нагадваючы, што ў трэці насельніцтва планеты гэта свабода абмежавана, а кожны сёмы хрысціянін падвяргаецца пераследу, у той час як хрысціянства “садзейнічае міру, бо скіроўвае да навяртання і праяўлення цнот”.
Пантыфік заўважыў, што для будаванне міра патрабуе дасягнення справядлівасці. У гэтым кантэксце ён заклікаў вырашаць канфлікты ў рамках міжнароднага права і з дапамогай кампетэнтных арганізацыі, а таксама адзначыў патрэбу ў рэфармаванні органаў ААН. Святы Айцец крытычна ахарактарызаваў “ідэалагічную каланізацыю”, якая звязвае аказанне эканамічнай дапамогі з прыняццем ідэалогій. “Там, дзе здзяйсняюцца спробы навязаць іншых культурам неўласцівыя ім формы мыслення, адкрываецца шлях да жорсткай канфрантацыі, а часам і да насілля”, - папярэдзіў ён.
Святы Айцец заўважыў, што шлях міра – гэта шлях салідарнасці. Папа звярнуў увагу на тры галіны, у якіх моцна праяўляецца патрэба ў яе ўмацаванні: феномен міграцыі, пытанні эканомікі і сферы працы, і клопат пра агульны дом.
Францішак таксама падкрэсліў, што будаванне міру патрабуе, каб не было абмежаванне свабоды, цэласнасці і бяспекі іншых народаў, якую б тэрыторыю яны ні займалі і якой бы не была іх здольнасць абараняцца”. “Гэта магчыма, калі не будзе перажаваць культура прыгнёту і агрэсіі, якая вядзе да ўспрымання бліжняга ворагам, з якім трэба змагацца, а не братам, якога трэба прыняць і абняць”, - сцвердзіў ён.
На заканчэнне прамовы Пантыфік нагадаў словы Яна ХХІІІ, які выказваў пажаданне, каб у ходзе сустрэч і перамоў людзі асэнсавалі адну са сваіх самых галоўных патрэб: каб “паміж імі і, адпаведна, паміж народамі, панаваў не страх, а любоў, якая выражаецца ў прыхільным, рознабаковым і дабратворным супрацоўніцтве”.