ҽ

Пантыфік пра важнасць жаночага аспекту рэлігійных традыцый

Папа назваў выключнай з'явай правядзенне канферэнцыі: Жанчыны, якія ствараюць культуру міжрэлігійных зносін (Women Building a Culture of Encounter Interreligious), у Папскім урбаніянскім універсітэце ў Рыме.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Выключнасць у тым, лічыць Францішак, што “вернікі дванаццаці рэлігій з усяго свету сабраліся разам для абмеркавання важных пытанняў, якія тычацца сустрэчы і дыялогу, спрыяння міру і паразуменню ў нашым параненым свеце”. Тут важны менавіта жаночы пункт гледжання і вопыт.

Сустракаючыся 26 студзеня 2023 года ў Ватыкане з удзельніцамі форума, Пантыфік нагадаў адзін з тэзісаў выніковай дэкларацыі казастанскага міжрэлігійнага форума 2022 года аб імкненні да большага ўдзелу жанчын у мірных працэсах, “бо жанчыны дораць свету клопат і жыццё: яны – шлях да міру”.

“Кожная ваша традыцыя і кожная з вас асабіста могуць прапанаваць свету шмат чаго, прывіваючы яму дух гасціннасці, клопату і братэрства”, - звярнуўся да сваіх госцей Святы Айцец. Ён выказаў задавальненне тым, што рымская канферэнцыя накіравана на адкрыццё жаночага аспекту рэлігійных традыцый і іх укладу ў культуру сустрэчы.

“Сесці і паслухаць іншага чалавека – гэта паводзіны, уласцівыя чалавечай сустрэчы, гэта прыклад адкрытага стаўлення да таго, хто перамагае свой нарцысізм і акцэптуе іншага, звяртае на яго ўвагу і прымае яго ў сваё кола”, - падзяліўся Францішак думкай з сваёй энцыклікі Fratelli tutti (48).

Ён заклікаў удзельніц рымскага міжрэлігійнага форума працягваць супрацоўнічаць, абменьвацца ведамі і практычным вопытам, дапамагаць людзям у палягчэнні пакут, пошуку сэнсу і мэты жыцця.
 

26 студзеня 2023, 11:55