Пантыфік папрасіў суправаджаць свой афрыканскі візіт малітвай
Аляксандр Амяльчэня - Pope
У кароткім пасланні Францішак прызнаўся, што ўжо даўно хацеў наведаць гэтыя дзве краіны, і назваў сваё афрыканскае падарожжа пілігрымкай міру і згоды.
“Гэтыя землі, размешчаныя ў цэнтры вялікага афрыканскага кантынента, выпрабоўваюцца працяглымі канфліктамі: Дэмакратычная Рэспубліка Конга пакутуе, асабліва на ўсходзе краіны, ад узброеных сутычак і эксплуатацыі; у той час як Паўднёвы Судан, які раздзіраецца гадамі вайны, не можа дачакацца заканчэння пастаяннага насілля, якое прымушае шматлікіх людзей жыць у статусе перамешчаных і ва ўмовах вялікіх цяжкасцей”, - звярнуў увагу Пантыфік.
Ён нагадаў, што прыедзе ў Паўднёвы Судан разам з Архіепіскапам Кентэрберыйскім і мадэратарам Генеральнай асамблеі Царквы Шатландыі. “Такім чынам мы правядзём час разам, як браты, у экуменічнай пілігрымцы міру”, - сказаў Францішак.
Ён папрасіў вернікаў суправаджаць апостальскае падарожжа, якое распачнецца 31 студзеня 2023 года, сваёй малітвай.