Пантыфік Мальтыйскаму ордэну: будзьце знакам любові Хрыста
Аляксандр Панчанка – Pope
30 студзеня 2023 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў Генеральнага капітула Суверэннага вайсковага шпітальнага ордэна святога Яна, Радоса і Мальты, які прайшоў у Рыме. Ён прывітаў новаабранае Вышэйшае кіраўніцтва і новых членаў Суверэннай рады, заклікаючы іх працягваць сведчыць пра тое, што “наследаванне Хрыста ў служэнні бедным і хворым – гэта шлях, які напаўняе душу”.
Папа адзначыў важнасць адзінства паміж членамі ордэна для сведчання веры. Ён высока ацаніў рашэнні, прынятыя падчас капітула, у прыватнасці пра новае адкрыццё навіцыяту, а таксама запэўніў у малітве аб пакліканнях да ўступлення ў розныя галіны ордэна. Святы Айцец звярнуў увагу на важнасць належнай фармацыі яго членаў.
Гаворачы пра характарыстыкі Мальтыйскага ордэна, Францішак заўважыў, што яго суверэннасць павінна дапамагаць займацца справамі салідарнасці і станавіцца блізкімі да людзей у нястачы, карыстаючыся міжнароднай дыпламатычнай прававой абаронай; вайсковая місія ордэна, звязаная ў мінулым з аховай пілігрымаў і святых месцаў, сёння, паводле Папы, павінна саступіць месца міжрэлігійнаму дыялогу, сведчанню Евангелля і барацьбе супраць усяго, што яму супрацьстаіць; шпітальны характар павінен надалей адлюстроўвацца ў разнастайнай дабрачыннай дзейнасці.
Пантыфік пажадаў, каб у клопаце пра хворых, члены ордэна былі здольнымі распазнаваць у іх аблічча Хрыста, які пакутуе. “І тады, калі вы набліжаецеся да іх са спагадай і пяшчотай, вы самі атаясамліваеце сябе з Езусам, Добрым Самаранінам. Давайце не будзем забываць: дзейнасць павінна быць добра арганізавана і добра кіравацца, але перш за ўсё яна павінны быць знакам любові Хрыста”, - сказаў Францішак.
“Дарагія браты і сёстры, вы ўпісалі вельмі важную старонку ў гісторыю Мальтыйскага ордэна, вы можаце гэтым ганарыцца. Я заклікаю вас заставацца вернымі Хрысту, Настаўніку і Пану, ісці наперад, несучы Яго пасланне аздараўлення хворым і суцяшэння тым, хто церпіць ва ўсім свеце. Аднойчы мы адкажам перад Богам Айцом наколькі былі Яго вернымі сведкамі, блізкімі да нашага бліжняга, не натхнёнымі свецкімі памкненнямі, але гарачымі ў служэнні і сведчанні Уваскрослага”, - сказаў Папа.