Пантыфік: Бог кліча служыць перш за ўсё самым уразлівым
Марыя Валодзіна – Pope
У сваёй прамове Пантыфік засяродзіў увагу на трох асноўных элементах навучання святароў: на дыялогу, камуніі і місіі.
“На працягу ўсяго вашага жыцця, і асабліва ў час навучання ў семінарыі, Пан уступае з вамі ў асабісты дыялог, пытаючыся, чаго шукаеце, (Ян 1, 35) і запрашаючы ісці і ўбачыць, размаўляць з Ім з адкрытым сэрцам і прысвяціць сябе Яму з упэўненасцю ў веры і любові”, - звярнуўся да семінарыстаў Папа.
Святы Айцец заклікаў сваіх гасцей развіваць штодзённыя адносіны з Езусам, умацоўваць іх малітвай, разважаннем над Словам Божым, духоўным суправаджэннем і маўклівым слуханнем перад табернакулюмам. “Сапраўды, у гэтыя моманты блізкіх адносін з Панам мы можам лепш за ўсё пачуць Яго голас і даведацца, як служыць Яму і Яго народу шчодра і ад усяго сэрца”, - адзначыў Папа.
На думку Францішка, камунія ўзнікае ў выніку блізкасці да Пана, калі мы вучымся з Яго слоў і жэстаў, вучымся таму, што паслаў Яго абвясціць Айцец. Святарскі шлях патрабуе пастаяннай камуніі з Богам, але таксама і з Касцёлам. “Я заклікаю вас пільна назіраць за таямніцай адзінства Касцёла, якая выяўляецца ў законнай разнастайнасці, але жыве ў адзінстве веры і прароцкага сведчання міласэрнасці, якую Касцёл, асабліва тут, у Рыме, выказвае сваімі канкрэтнымі справамі па дапамозе тым, хто мае патрэбу”, - звярнуўся Пантыфік да навучэнцаў Паўночнаамерыканскай калегіі.
З дыялогу і камуніі з Езусам нараджаецца місія: пакліканыя нядаўна вучні сваім сведчаннем навяртаюць іншых. “Кожны раз, калі Езус кліча мужчын і жанчын, ён заўсёды робіць гэта для таго, каб адправіць іх да самых уразлівых і тых, хто знаходзіцца на ўзбочыне грамадства, якім мы не толькі закліканы служыць, але і ў якіх мы таксама можам шмат чаму навучыцца. Людзі сёння маюць патрэбу ў нас, таму што мы прыслухоўваемся да іх пытанняў, трывог і мар, каб лепш суправаджаць іх да Пана, які абновіць надзею і жыццё кожнага чалавека”, - падкрэсліў Францішак.