Urbi et Orbi: Хрыстус адкрыў шлях да жыцця ў братэрстве і міры
Аляксандр Панчанка – Pope
“Дарагія браты і сёстры ў Рыме і ва ўсім свеце, віншую вас з Божым Нараджэннем! Няхай Пан Езус, народжаны з Дзевы Марыі, прынясе ўсім вам Божую любоў, крыніцу даверу і надзеі; і няхай адорыць мірам, які анёлы абвясцілі бэтлеемскім пастушкам: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2, 14)”, - сказаў Святы Айцец апоўдні 25 снежня 2022 года на пачатку свайго святочнага звароту.
Папа заклікаў скіраваць позірк да Бэтлеема, дадаючы, што Пан “прыходзіць да нас у цішыні і цемры ночы, бо Божае слова не мае патрэбы ў пражэктарах і гомане чалавечых галасоў”: Ён сам з’яўляецца “Словам, якое надае сэнс існаванню, святлом, якое асвятляе шлях”.
Францішак падкрэсліў, што Езус нарадзіўся сярод нас, каб суправаджаць нашу штодзённасць, каб раздзяліць з намі ўсё – радасці і пакуты, надзеі і трывогі. “Ён прыходзіць безабаронным дзіцяткам. Нараджаецца ў холадзе, бедны сярод беднякоў. Патрабуючы ўсяго, Ён стукаецца ў дзверы нашага сэрца, каб знайсці цяпло і прытулак”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў па прыкладзе бэтлеемскіх пастухоў, дазволіць святлу агарнуць нас і пайсці паглядзець на знак, які даў нам Бог. “Пераадолеем здранцвенне духоўнай бязвольнасці і фальшывыя вобразы свята, якія прымушаюць нас забыць, дзеля каго мы святкуем. Пакінем мітусню, якая аслабляе сэрца і падштурхоўвае нас займацца падрыхтоўкай аздабленняў і падарункаў, а не сузіраць Падзею: Сына Божага, які нарадзіўся для нас”, - заклікаў ён.
Папа зазначыў, што Езус Хрыстус з’яўляецца дарогай міру. “Праз сваё ўцелаўленне, муку, смерць і ўваскрасенне Ён адкрыў шлях з замкнёнага свету, прыгнечанага цемрай варожасці і вайны, да адкрытага свету, свабоднага для жыцця ў братэрстве і міры. Будзем жа ісці па гэтым шляху! Але каб мець магчымасць рабіць гэта, каб мець магчымасць ісці за Езусам, мы павінны вызваліцца ад цяжару, які нас звязвае і трымае на месцы”, - заўважыў ён, патлумачыўшы, што такім “баластам” з’яўляецца прывязанасць да ўлады і грошай, ганарлівасць, крывадушнасць і хлусня.
“Гэтыя цяжары перашкаджаюць нам адправіцца ў Бэтлеем, яны выключаюць нас з ласкі Божага Нараджэння і закрываюць шлях супакою. Сапраўды, мы павінны з болем адзначыць, што ў той час як Князь супакою дадзены нам, вятры вайны працягваюць дзьмуць над чалавецтвам”, - са шкадаваннем канстатаваў Пантыфік, заклікаючы ўбачыць у маленькім нявінным тварыку нованароджанага Хрыста “твары дзяцей, якія прагнуць міру ва ўсіх частках свету”.
“Ахопім позіркам абліччы нашых украінскіх братоў і сясцёр, якія перажываюць гэтае Божае Нараджэнне ў цемры, на холадзе ці далёка ад сваіх дамоў з-за разбурэнняў, прычыненых дзесяццю месяцамі вайны. Няхай Пан зробіць нас гатовымі да канкрэтных жэстаў салідарнасці і дапамогі тым, хто пакутуе; няхай прасвятліць розумы тых, хто мае моц прымусіць змоўкнуць зброю і неадкладна пакласці канец гэтай бессэнсоўнай вайне! На жаль, людзі аддаюць перавагу іншым матывам, прадыктаваным логікай свету. Але хто прыслухоўваецца да голасу Дзіцяці?”, - спытаў Францішак.
Папа заўважыў, што наш час таксама адчувае сур’ёзны голад міру ў іншых рэгіёнах, “на іншых тэатрах гэтай трэцяй сусветнай вайны”. “Давайце падумаем пра Сірыю, якая ўсё яшчэ пакутуе ад канфлікту, што адышоў на другі план, але не скончыўся; і давайце падумаем пра Святую Зямлю, дзе ў апошнія месяцы ўзмацніліся насілле і сутыкненні, дзе людзі гінуць і атрымліваюць раненні. Будзем маліць Пана, каб там, на зямлі, якая стала сведкай Яго нараджэння, вярнуўся дыялог і пошук узаемнага даверу паміж ізраільцянамі і палестынцамі. Няхай Дзіцятка Езус падтрымлівае хрысціянскія супольнасці на ўсім Блізкім Усходзе, каб у кожнай з гэтых краін можна было адчуць прыгажосць братэрскага суіснавання паміж людзьмі, якія належаць да розных рэлігій. Няхай Ён асабліва дапаможа Лівану нарэшце аднавіцца пры падтрымцы міжнароднай супольнасці і моцы братэрства і салідарнасці. Няхай святло Хрыста заззяе над рэгіёнам Сахель, дзе мірнае суіснаванне народаў і традыцый парушана сутыкненнямі і насіллем. Няхай прывядзе да трывалага перамір’я ў Емене і да прымірэння ў М’янме і Іране, каб спынілася ўсё кровапраліцце. Няхай натхніць палітычныя ўлады і ўсіх людзей добрай волі на амерыканскім кантыненце працаваць над суцішэннем палітычнай і сацыяльнай напружанасці ў розных краінах; у прыватнасці, я думаю пра гаіцян, якія так доўга пакутуюць”, - сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў, каб збіраючыся за святочным сталом, мы не адводзілі позірку ад Бэтлеема, што азначае “дом хлеба”, і думалі пра тых, хто пакутуе ад голаду, асабліва пра дзяцей, у той час як кожны дзень марнуецца вялікая колькасць ежы, а рэсурсы выдатковаюцца на зброю.
“Вайна ва Украіне яшчэ больш пагоршыла сітуацыю, паставіўшы пад пагрозу галоднай смерці цэлыя пласты насельніцтва, асабліва ў Афганістане і краінах Афрыканскага Рога. Кожная вайна, як мы ведаем, выклікае голад і выкарыстоўвае ежу ў якасці зброі, перашкаджаючы яе распаўсюджванню сярод ужо пакутуючага насельніцтва. У гэты дзень, вучачыся ў Князя супакою, давайце ўсе, і перш за ўсё тыя, хто нясе палітычную адказнасць, прымем меры, каб ежа была выключна прыладай міру. Радуючыся сустрэчы з нашымі блізкімі, падумаем пра сем’і, найбольш параненыя жыццём, а таксама пра тых, хто ў гэты перыяд эканамічнага крызісу сутыкаецца з беспрацоўем і пазбаўленнем самага неабходнага”, - заахвоціў Папа.
Францішак заклікаў, у сённяшнім свеце, хворым на абыякавасць, “не забывацца на шматлікіх бежанцаў і перамешчаных асоб, якія стукаюцца ў нашы дзверы ў пошуках суцяшэння, цяпла і ежы”. “Не будзем забывацца пра маргіналізаваных, адзінокіх, сірот і старых, якія знаходзяцца ў небяспецы стаць адрынутымі, пра вязняў, у якіх мы бачым толькі іх памылкі, а не людзей”, - сказаў ён.
Бэтлеем паказвае нам прастату Бога, які аб’яўляецца не мудрым і вучоным, але малым, тым, хто мае чыстае і адкрытае сэрца. Падобна пастухам, давайце таксама пойдзем не марудзячы і ўразімся неймавернай падзеяй, калі Бог стаў чалавекам дзеля нашага збаўлення. Ён, крыніца ўсякага дабра, становіцца бедным і просіць міласціну ў нашага беднага чалавецтва. Дазволім дакрануцца да нас любові Бога і будзем наследаваць Езуса, які пазбавіў сябе сваёй славы, каб зрабіць нас удзельнікамі Яго паўнаты”, - завяршыў свой зварот Святы Айцец.