ҽ

Папа падчас інтэрв'ю іспанскаму выданню ABC Папа падчас інтэрв'ю іспанскаму выданню ABC 

Папа пра адрачэнне, дыпламатыю і вайну ва Украіне

Папа распавёў, што на пачатку свайго пантыфікату напісаў дакумент аб адрачэнні на выпадак, калі па стане здароўя не зможа выконваць свае абавязкі.

Аляксандр Панчанка – Pope

18 cнежня 2022 года іспанскае выданне ABC апублікавала поўны тэкст інтэрв’ю з Пантыфікам, якое было запісана некалькі дзён таму ў ватыканскім Доме святой Марты.

Францішак прызнаўся, амаль дзесяць гадоў таму, на пачатку свайго пантыфікату, ён уручыў тагачаснаму Дзяржсакратару кардыналу Тарчызіа Бэртонэ заяву аб сваім адрачэнні ад пасаду ў выпадку парушэння здароўя пры выкананні сваіх абавязкаў. Ён таксама нагадаў, што аналагічны дакумент быў падпісаны святым Паўлам VI, у якім гаварылася аб адрачэнні ў выпадку перашкоды ў служэнні. Святы Айцец адзначыў таксама, што упершыню гаворыць аб гэтым для прэсы.

Папа назваў жахам тое, што адбываецца ва Украіне. Ён звярнуў увагу на жорсткасць гэтай вайны, а таксама са смуткам прызнаў, што яе “кароткатэрміновага канца” не відаць. Пантыфік перакананы, што гаворка ідзе пра “сусветную вайну”, бо ў яе “ўжо ўцягнута шмат рук” і яна носіць глабальны характар.

“Я думаю, што вайна пачынаецца тады, калі імперыя пачынае слабець і калі ёсць зброя, якую можна выкарыстоўваць, прадаваць або выпрабаваць. Мне здаецца, тут шмат інтарэсаў”, - паўтарыў ён сваё меркаванне. На заўвагу журналіста адносна таго, што ён ужо больш за сто разоў выказваўся супраць вайны, Святы Айцец адказаў: “Я раблю, што магу. Мяне не чуюць”. Пантыфік зазначыў, што ён прабывае ў пастаянным кантакце з усімі, прымае і дапамагае.

Адказваючы на пытанне, чаму Апостальская Сталіца так асцярожна выступае супраць таталітарных рэжымаў, Папа адказаў: “Святы Пасад заўсёды стараецца абараніць народы. Ягоная зброя – дыялог і дыпламатыя”. Францішак таксама адзначыў, што Святы Пасад ніколі не спыняе стасункі па сваёй ініцыятыве. “Ён заўсёды імкнецца захаваць дыпламатычныя адносіны і захаваць тое, што можна захаваць дзякуючы цярпенню і дыялогу”, - дадаў ён.

Гаворачы аб ролі жанчын на кіруючых пасадах у Рымскай курыі, Папа паведаміў, што ў бліжэйшай будучыні адбудуцца новыя прызначэнні. Ён дадаў, што мае адну кандыдатуру на думцы ў дыкастэрыю, якая стане вакантнай праз два гады. “Няма ніякіх перашкод для таго, каб жанчына ўзначаліла дыкастэрыю, прэфектам якой можа быць свецкая асоба”, - сказаў Пантыфік і ўдакладніў, што “калі гаворка ідзе пра дыкастэрыю, якая займаецца святымі сакрамэнтамі, яе павінен узначальваць святар або біскуп”.

Святы Айцец таксама адказаў на заўвагу адносна таго, што будучыя канклавы могуць быць складанымі, бо прызначаныя ім кардыналы паходзяць з розных аддаленых месцаў і не ведаюць адзін аднаго. Па яго словах, сапраўды, такая праблема можа быць, калі “глядзець з чалавечага пункту гледжання”, аднак “на канклаве дзейнічае Святы Дух”.

Падчас размовы была закранута таксама тэма адносін з Бэнэдыктам XVI, якога Францішак назваў “святым” і “высокадухоўным чалавекам”, прызнаючыся, што часта наведвае яго і адчувае яго падтрымку. “У яго добрае пачуццё гумару, ясны розум, вельмі жывы. Гаворыць ён павольна, але трымаецца лініі размовы. Я захапляюся яснасцю яго розуму. Ён вялікі чалавек”, - сказаў Святы Айцец, удакладніўшы з гэтай нагоды, што не мае намеру ўводзіць якія-небудзь пастановы адносна прававога статусу Папы-эмерыта.
 

18 снежня 2022, 14:47