Папа падзякаваў за шматлікія віншаванні і зноў заклікаў да міру
Марыя Валодзіна - Pope
“У духоўнай атмасферы радасці і спакою Божага Нараджэння” Францішак “з любоўю” прывітаў вернікаў, якія прысутнічалі на плошчы святога Пятра ў Рыме, а таксама тых, хто сачыў за трансляцыяй у Інтэрнэце.
Пантыфік у чарговы раз аднавіў сваё пажаданне міру, “міру ў сем'ях, міру ў парафіях і манаскіх супольнасцях, міру ў рухах і аб'яднаннях, міру для тых, хто пакутуе ад вайны, міру для дарагой і змучанай Украіны”.
“Тут столькі ўкраінскіх сцягоў! Мы просім аб міры для гэтага змучанага народа!” – сказаў Папа, заўважыўшы на плошчы ўкраінскіх вернікаў.
Акрамя таго, Францішак шчыра падзякаваў тым, хто павіншаваў яго са святам Божага Нараджэння: “На гэтым тыдні я атрымаў шмат пажаданняў з розных куткоў свету. Не маючы магчымасці адказаць кожнаму, я выказваю сваю падзяку ўсім, асабліва за дар малітвы”.