ҽ

Святы Айцец нагадаў пра міласэрнасць, абвяшчэнне і прабачэнне

Палепшыць наша сведчанне пра Езуса, Які перамог зло любоўю, можна дзякуючы міласэрнасці да людзей, абвяшчэнню Слова Божага і прабачэнню, - сказаў Францішак перад малітвай Анёл Панскі 26 снежня 2022 года ў Ватыкане.

Марыя Валодзіна – Pope

Папа нагадаў, што згодна з літургіяй, святкаванне Божага Нараджэння працягнецца да 1 студзеня, у наступныя восем дзён святочнай актавы. У гэтыя ж дні Касцёл узгадвае некаторых святых пакутнікаў: сёння - першага хрысціянскага мучаніка святога Стэфана, паслязаўтра - нявінных дзяцей, забітых Ірадам (Мц 2, 1-18). “Здаецца, літургія як бы аддаляе нас ад агнёў, абедаў і падарункаў, у якія мы крыху паглыбіліся ў гэтыя дні. Чаму?” – запытаў Святы Айцец.

“Таму што Божае Нараджэнне – гэта не казка пра нараджэнне караля, а прышэсце Збаўцы, які вызваляе нас ад зла, прымаючы на сябе наша зло: эгаізм, грэх, смерць. А мучанікі больш за ўсіх падобныя на Яго. Мучанікі –гэта сведкі, “браты і сёстры, якія сваім жыццём сведчаць нам пра Езуса”. “Нават у нашы дні існуе шмат пакутнікаў, за якіх мы молімся сёння. Іх пераследуюць за тое, што яны сведчаць пра Хрыста”, - нагадаў Папа.

Францішак заахвоціў вернікаў паспрабаваць спытаць сябе: “Ці сведчым і мы пра Яго? Як можна палепшыць гэта сведчанне?” На думку Святога Айца, дапамагчы ў гэтым можа менавіта прыклад святога Стэфана.

“Паводле Дзеяў апосталаў, ён быў адным з сямі дыяканаў, якіх іерусалімская супольнасць паклікала для служэння ў сталовых, для выконвання спраў міласэрнасці (Дз 6, 1-6). Гэта азначае, што сваё першае сведчанне ён даў не словамі, а любоўю, з якой служыў тым, хто жыве ў нястачы. Але Стэфан не абмяжоўваўся толькі працай па аказанні дапамогі. Тым, каго ён сустракаў, ён казаў пра Езуса, дзяліўся з імі сваёй верай у святле Слова Божага і вучэння апосталаў (Дз 7, 1-53, 56)”.

Паводле Пантыфіка, “гэта другое вымярэнне яго сведчання: вітаць Слова Божае і распавядаць аб яго прыгажосці, а таксама аб тым, як сустрэча з Езусам мяняе жыццё. Гэта было настолькі важна для Стэфана, што ён не дазволіў ганіцелям запалохаць сябе пагрозамі, нават калі ўбачыў, што для яго ўсё складваецца дрэнна” (Дз 7, 54). “Дабрачыннасць і абвяшчэнне”, вось што рабіў святы Стэфан. Аднак яго найвялікшае сведчанне – іншае, тое, што аб’ядноўвае дабрачыннасць і абвяшчэнне. “Ён пакінуў яго нам у смяротны час, калі, па прыкладзе Езуса, дараваў сваім забойцам” (Дз 7, 60; Лк 23, 34), - зазначыў Папа.

“Вось адказ на наша пытанне: палепшыць наша сведчанне можна, дзякуючы міласэрнасці да людзей, вернасці Слову Божаму і прабачэнню. Міласэрнасць, абвяшчэнне, прабачэнне”, - падкрэсліў Святы Айцец. Менавіта прабачэнне сведчыць аб тым, што мы сапраўды міласэрныя ў адносінах да іншых і жывём са Словам Езуса.

“Прабачэнне – вялікі дар, наш дар іншым, таму што з намі Езус, які дараваў нам”. Папа заклікаў паразважаць пра нашу здольнасць дараваць, калі ў гэтыя дні, сустракаючыся са многімі людзьмі, мы, магчыма, сустрэнемся і з тымі, з кім не ладзілі, хто прычыніў нам боль, з кім мы яшчэ не памірыліся, не наладзілі адносіны. “Давайце звернемся да Дзіцятка Езуса з просьбай аб абнаўленні сэрца, здольнага дараваць, аб сіле, каб маліцца за тых, хто прычыніў нам шкоду, і аб кроках адкрытасці і прымірэння”.

26 снежня 2022, 12:15