Пантыфік у Дзень нараджэння падзякаваў дабрачынцам
Аляксандр Панчанка – Pope
Павіншаваць Святога Айца у ватыканскі Апостальскі палац, раніцай 17 снежня 2022 года, прыйшлі каля пяцідзесяці чалавек, сярод якіх былі бедныя, дабрачынцы і манахіні з кангрэгацыі Місіянерак Любові, якія служаць у прытулку для бяздомных на тэрыторыі Ватыкана.
Падчас аўдыенцыі Францішак уручыў тром сучасным “Добрым самаранам” Прэмію імя святой Маці Тэрэзы з Калькуты, устаноўленую Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні.
Узнагароду атрымаў сірыйскі францішканін, айцец Хана Джалуф, які ахвярна служыць сваім суайчыннікам, змучаным вайной, нястачай і насіллем. Другім лаўрэатам стаў бяздомны Джан П’ера, вядомы многім пад мянушкай Вуэ: ён аддае частку міласціны, якую збірае за дзень, тым, хто знаходзіцца ў яшчэ горшай сітуацыі, чым ён сам. Трэці дабрачынец, узнагароджаны Папам – Сільвана Пэдрола, італьянскі бізнесмен, уладальнік прамысловага прадпрыемства ў Вероне, які ахвяруе значную частку свайго прыбытку на дапамогу бедным у Афрыцы, Індыі і Лацінскай Амерыцы, будуючы школы, сістэмы водазабеспячэння і медыцынскія структуры.
“Я дзякую вам за гэты візіт, такі поўны любові і пасланняў: паслання беднасці, паслання блізкасці, паслання братэрства, паслання малітвы – спадчыны, якую заўсёды перадавала Маці Тэрэза”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што гэта святая прайшла праз сапраўдныя духоўныя буры з цемрай унутры, але заўсёды працягвала маліцца.
“Няхай Маці Тэрэза дапамагае нам з неба жыць беднасцю ў прастаце і малітве. Такім чынам мы зможам дапамагаць іншым,”, - падкрэсліў Францішак, заўважаючы, што хрысціянская дабрачыннасць заўсёды спалучана з блізкасцю, міласэрнасцю і малітвай.