ҽ

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў дабрачыннага каляднага канцэрту Аўдыенцыя для ўдзельнікаў дабрачыннага каляднага канцэрту 

Папа да артыстаў: міру варта прысвяціць ўсе нашы сілы

Папа прыняў удзельнікаў каляднага канцэрту, які 18 снежня 2022 года пройдзе ў базыліцы святога Яна на Латэране. Музычны вечар будзе натхнёны энцыклікай Яна XXIII Pacem in terris.

Аляксандр Панчанка – Pope

Францішак падзякаваў артыстам за тое, што яны вырашылі прысвяціць святочны канцэрт тэме міру. “Мір – гэта абагульненне ўсяго добрага, чаго мы можам жадаць, і яму варта прысвяціць максімум нашых матэрыяльных, інтэлектуальных і духоўных сіл”, - дадаў ён.

Пантыфік нагадаў, што мір будуецца дзень за днём, а яго жаданне суправаджае і матывуе наша штодзённае жыццё. “Але, на жаль, у гэты гістарычны момант мір таксама з’яўляецца неадкладнай патрэбай”, - сказаў ён, звяртаючы ўвагу на сітуацыю ва Украіне.

Папа адзначыў, што канцэрт пройдзе ў падтрымку праекту салезіян Місіі ксяндза Боска, якія прабываюць побач з украінскім насельніцтвам, працуюць для прыёму бежанцаў і размеркавання ежы і лекаў. “Гэтай ініцыятывай мы хочам падтрымаць іх; але ўсе мы, незалежна ад нашай ролі, пакліканы быць міратворцамі, маліцца і працаваць дзеля міру”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец зазначыў, што Божае Нараджэнне заклікае нас станавіцца бліжэй адзін да аднаго. “Сапраўды, пасланне, якое Божае слова скіроўвае да нас кожны год у Адвэнт, не з’яўляецца пасланнем роспачы або смутку, але пасланнем надзеі і радасці, пасланнем, якое трэба засвоіць і перадаць. І ў гэтай “перадачы” ўваходзяць у гульню таксама музыка і спевы”, - заўважыў Пантыфік.

Францішак запэўніў артыстаў, што сваім спевам яны спрыяюць “распаўсюджванню гэтага паслання любові і жыцця, кранаючы мноства сэрцаў і пашыраючы перыметр братэрства”. “Вось як Бог дзейнічае ў гісторыі чалавецтва, нават у балючых і смутных сітуацыях: Ён з міласэрнасцю кліча ўсіх нас, выкарыстоўвае нашы таленты, а таксама нашы абмежаванні, і хоча збавіць сучаснае чалавецтва. Як падчас Божага Нараджэння, кожны дзень!”, - падкрэсліў Папа.

“Дарагія сябры, вашы таленты – гэта дар, а таксама адказнасць, за якую трэба быць удзячным і ўсведамляць яе, у той час як “з гарачай адданасцю шукаеце новыя праявы прыгажосці, каб даць яе свету”, як пісаў святы Ян Павел ІІ да артыстаў. Музыка супакойвае, настройвае на дыялог, спрыяе сустрэчам і сяброўству. У гэтым сэнсе яна з’яўляецца адкрытым шлях да міру”, - завяршыў свой зварот Святы Айцец.
 

17 снежня 2022, 12:12