ҽ

Пантыфік на Іспанскай плошчы: над вайной перамагае мір

8 снежня 2022 года, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Папа здзейсніў традыцыйны візіт да скульптуры Маці Божай на Іспанскай плошчы ў Рыме.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Францішак прамовіў малітву, у якой ад імя ўсіх рымлян прызнаўся Марыі ў “любові і адданасці”. “Праз два гады, калі я прыходзіў ушаноўваць цябе на досвітку, сёння я вяртаюся да цябе разам з людзьмі гэтага Касцёла і гэтага горада. І я прыношу табе падзяку і просьбы ўсіх тваіх дзяцей, блізкіх і далёкіх”, - маліўся Папа, спасылаючыся на час пандэміі, калі ўшанаванне Багародзіцы праходзіла без удзелу вернікаў.

Пантыфік даверыў асабліваму заступніцтву Маці Божай “незлічоных мужчын і жанчын, не толькі хрысціян”, для якіх яна “сярод столькіх цёмных хмар застаецца знакам надзеі”, дзяцей, якім дае суцяшэнне, пажылых, якіх суправаджае ў радасці і смутку іх жыцця.

У сваёй малітве Францішак узгадаў “сем'і, бацькаў і маці, якія часта змагаюцца, каб звесці канцы з канцамі дома, і сутыкаюцца дзень за днём з малымі і вялікімі праблемамі, каб рухацца наперад”. Ён даверыў Найсвяцейшай Панне маладыя пары і папрасіў, каб яны, гледзячы на яе і святога Юзафа, “з мужнасцю даверылі сябе Божаму Провіду”.

Папа папрасіў Марыю заставацца побач з моладдзю, якая жыве ў “культуры, багатай рэчамі і беднай каштоўнасцямі, насычанай інфармацыяй і пазбаўленай адукаванасці, пераканаўчай у падмане і бязлітаснай у расчараванні”.

“Беззаганная Дзева, я хацеў бы сёння выказаць табе падзяку ад імя ўкраінскага народа, міру для якога мы даўно просім Пана. (...) Мы ўсе ведаем, што ты з імі і з усімі тымі, хто пакутуе, як была побач з крыжам твайго Сына”, - працягнуў Францішак.

“Гледзячы на цябе, бязгрэшную, мы можам працягваць верыць і спадзявацца на тое, што любоў перамагае нянавісць, праўда перамагае хлусню, прабачэнне перамагае крыўду, над вайной перамагае мір”, - завяршыў малітву Папа.

На Іспанскай плошчы Святога Айца віталі Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі і мэр Вечнага горада. Ужо па традыцыі, сюды прыбылі шматлікія групы вернікаў з рымскіх школ, парафій, касцёльных асацыяцый і прадпрыемстваў.
 

08 снежня 2022, 17:04