Муквегэ: падарожжа Папы ў Конга нагадае аб забытай вайне
Марыя Валодзіна - Pope
“Візіт Папы ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга з'яўляецца моцным сігналам”, – лічыць кангалезскі медык і праваабаронца. Ён спадзяецца, што падарожжа Святога Айца, якое пройдзе з 31 студзеня па 2 лютага 2023 года, дапаможа праліць святло на тое, што адбываецца ў краіне, і пакласці канец трагедыі, пра якую “у Еўропе мала гавораць”. Муквегэ разлічвае, што прысутнасць Папы ў Конга дапаможа звярнуць увагу сусветнай грамадскасці на драматычную сітуацыю ў краіне, і міжнародныя ўлады, нарэшце, прымуць неабходныя меры, каб спыніць зверствы. “Свет не можа працягваць захоўваць маўчанне”, - адзначыў ён.
"Конга акупіравана руандыйскімі замежнымі сіламі, звязанымі з тэрарыстамі М23", - адзначыў Муквегэ, звяртаючыся да міжнароднай супольнасці з просьбай аб “рэалізацыі міжнароднага гуманітарнага права”, якое патрабуе ад усіх дзяржаў-членаў ААН паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць іншых дзяржаў, а таксама прыняць рэзалюцыі, якія "забараняюць дзяржавам або ўстановам пастаўляць зброю паўстанцам".
"Пакуты працягваюцца занадта доўга. У Конга адбываецца беспрэцэдэнтны гуманітарны крызіс”: шэсць мільёнаў перамешчаных асоб пазбаўленыя прытулку і харчавання. Праваабаронца адзначыў, што цяперашні канфлікт мае вытокі ў трагедыі, якая адбылася ў Руандзе ў 1996 годзе. "Нават сёння, праз больш за 25 гадоў, кангалезцы ўсё яшчэ расплачваюцца за рэгіянальны крызіс, які ўзнік не ў Конга, але наносіць значна большы ўрон Конга, чым краіне, дзе адбыўся генацыд", - растлумачыў ён.
Дэні Муквеге – 67-гадовы хірург-гінеколаг, які нястомна ратуе жыццё жанчын, якія сталі ахвярамі сексуальнага насілля падчас вайны. У 1998 годзе ён заснаваў шпіталь, у якім атрымліваюць медыцынскую дапамогу тысячы ахвяр згвалтаванняў у ходзе грамадзянскага канфлікту ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Муквегэ лічыцца адным з лепшых у свеце спецыялістаў у сферы лячэння гінекалагічных траўм. У 2018 годзе ён атрымаў Нобелеўскую прэмію міра.