ҽ

Дэлегацыя Чырвонага Крыжа ў Нагорным Карабаху Дэлегацыя Чырвонага Крыжа ў Нагорным Карабаху 

Францішак і хрысціяне Еўропы занепакоены сітуацыяй армян

Папа Францішак падчас нядзельнай малітоўнай сустрэчы з вернікамі на плошчы Святога Пятра выказаў сваю занепакоенасць сітуацыяй, якая склалася ў Лачынскім калідоры.

Ян Глінскі 

Гаворка ідзе пра блакаду Нагорнага Карабаха, пра ваенныя пагрозы Азербайджана і сістэматычныя парушэнні пагаднення, заключанага пасля вайны ў 2020 годзе, якая працягвалася шэсць тыдняў. Да еўрапейскіх палітыкаў з просьбай дапамагчы пазбегнуць эскалацыі ў Арцаху звярнуліся некалькі хрысціянскіх арганізацый.

У рэгіёне сур’ёзна парушаюцца правы армянскага насельніцтва, пра што ў спецыяльным звароце да італьянскага ўраду заявіла армянская супольнасць у Рыме. З падобнай заявай выступіла і французская каталіцкая асацыяцыя падтрымкі хрысціянаў Блізкага Усходу l’Oeuvre d’Orient.

Канферэнцыя еўрапейскіх Цэркваў і Сусветная Рада Цэркваў, якія аб’ядноўваюць хрысціян розных канфесій, звярнуліся з пасланнем да главы дыпламатыі Жазэпа Барэля з заклікам аб дапамозе армянскаму насельніцтву Арцаха.

Як паведамілі хрысціянскія лідары, азербайджанцы перакрылі мясцоваму армянскаму насельніцтву доступ да камунікацый і газавага паліва. Аўтары экуменічнага паслання заклікаюць не ігнараваць “боязь новага генацыду армян”, бо існуе рызыка гуманітарнай катастрофы для 120 тысяч жыхароў армянскай нацыянальнасці. Як падкрэсліваецца ў звароце, найбольш непакоіць лёс цяжкахворых, якіх з-за іх стану немагчыма транспартаваць у Ерэван.

Хрысціяне дзвюх экуменічных арганізацый звярнуліся да Еўрасаюза з просьбай аб садзейнічанні, каб адкрыць Лачынскі калідор. “Акрамя гэтага, – гаворыцца ў пасланні, – мы просім зрабіць усё, что ў вашых сілах, каб забяспечыць працяг мандата цяперашняй місіі маніторынгу Еўрасаюза на мяжы паміж Арменіяй і Азербайджанам, уключаючы Лачынскі калідор, для забеспячэння грамадзянскага кантролю незалежна ад сітуацыі ўздоўж калідора”.

22 снежня 2022, 09:24