ҽ

Францішак падчас сустрэчы з дыпламатамі Францішак падчас сустрэчы з дыпламатамі 

Францішак да паслоў: дыпламатыя патрэбна сёння, як ніколі раней

15 снежня 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Апостальскім палацы ў Ватыкане новых надзвычайных і паўнамоцных паслоў васьмі дзяржаў: Беліза, Багамаў, Тайланда, Нарвегіі, Манголіі, Нігера, Уганды і Судана. Нагодай для сустрэчы стала ўручэнне даверчых грамат.

Марыя Валодзіна – Pope

У сваім звароце Святы Айцец адзначыў, што дыпламатыя і ўзгодненыя дзеянні ўсіх народаў неабходныя сёння, як ніколі раней. Наш час, адзначаны глабальным крызісам у галіне аховы здароўя і канфліктамі ва ўсім свеце, патрабуе калектыўнай працы, без якой немагчыма абараніць годнасць і правы чалавека, спрыяць справядлівасці, згодзе і дыялогу дзеля трывалага міру, а таксама клапаціцца аб нашым агульным доме як аб каштоўным дары для нас і будучых пакаленняў.

Папа падкрэсліў, што паслы пачынаюць сваю дыпламатычную місію ў перыяд, які ён называе “трэцяй фрагментарнай сусветнай вайной”. “Калі мы хочам, каб мір меў шанец, а бедныя – перспектыву лепшай будучыні, асабліва ў тых частках свету, дзе працяглыя канфлікты могуць выклікаць прывыканне ў грамадскай свядомасці, мы ўсе закліканы праявіць вялікую пільнасць і адказаць на заклік быць міратворцамі”, - адзначыў ён.

Пантыфік перакананы, што кожны з прадстаўленых дыпламатамі народаў валодае велізарнай спадчынай гістарычных, інтэлектуальных, тэхналагічных, мастацкіх і культурных скарбаў, “якія могуць быць пастаўлены на службу ўсяму свету”. Шчодра прапаноўваючы свае матэрыяльныя, чалавечыя і духоўныя рэсурсы, краіны адказваюць на высакароднае пакліканне па вырашэнні праблем чалавецтва, не толькі згаданых вышэй, але і такіх як адсутнасць доступу да пітной вады, ежы і медыцынскага абслугоўвання, а таксама неабходнасць гарантаванне адукацыі і годнай працы для ўсіх, - лічыць Святы Айцец.

На яго думку, роля дыпламатаў – дапамагчы праліць святло на стан тых, хто знаходзіцца ў самых цёмных кутках свету, “даць голас тым, хто не мае голасу”: хворым, інвалідам, маладым людзям, асабліва дзяўчатам, якія не маюць дастатковых магчымасцей для рэалізацыі свайго патэнцыялу, і ўсім тым, хто знаходзіцца на ўскрайку грамадства.

Францішак выказаў спадзяванне на тое, што пры выкананні сваіх дыпламатычных абавязкаў паслы знойдуць “новыя творчыя метады спрыяння салідарнасці і сацыяльнаму сяброўству” і запэўніў іх у падтрымцы Дзяржаўнага сакратарыята і Рымскай курыі.

Дыпламатычную місію пры Святым Пасадзе распачынаюць наступныя дыпламаты: пасол Беліза Джаймэ Эфраін Брысэньё, пасол Багамаў Джозэф Кэры, пасол Тайланда Чыціпат Тонгпрасраэт, пасол Нарвегіі Шэшці Рёдсмун, пасол Манголіі Даваасурэн Джэрэлмаа, пасол Нігера Ачату Булама Кан, пасол Уганды Стывен Мубіру і пасол Судана Халід Махамад Фарах эль Фахаль.

15 снежня 2022, 12:10