Францішак звярнуўся да палітыкаў Міжземнамор'я з пасланнем
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Звяртаючыся з пасланнем да ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі Rome Med 2022 – Mediterranean Dialogues, Францішак падкрэсліў, у прыватнасці, няздольнасць палітыкаў знайсці агульныя рашэнні адносна выкліку чалавечай мабільнасці ў рэгіёне, што працягвае весці да гібелі людзей, асабліва ў Міжземным моры. Міграцыя вельмі важная для дабрабыту гэтай тэрыторыі, і яе немагчыма спыніць, - лічыць Папа.
Францішак звярнуў увагу і на драматычны ваенны канфлікт, які працягваецца ў Еўропе. Ён выклікае велізарныя наступствы і ў краінах Паўночнай Афрыкі, якія на 80% залежаць ад пшаніцы з Украіны і Расіі.
“Гэты крызіс прымушае нас разглядаць усю рэальную сітуацыю з глабальнай перспектывы (...). Такім чынам, як немагчыма думаць аб барацьбе з энергетычным крызісам асобна ад палітычнага, нельга адначасна вырашыць харчовы крызіс без уліку канфліктаў або кліматычны крызіс без уліку праблемы міграцыі (...). Маштаб чалавечых пакут таксама нельга разглядаць без уліку сацыяльнага крызісу, у якім дзеля эканамічнай ці палітычнай выгады прымяншаецца каштоўнасць чалавечай асобы і парушаюцца правы чалавека”, - адзначыў Францішак.
“Усе мы павінны ўсё больш і больш усведамляць, што крык нашай змучанай планеты неаддзельны ад крыку чалавецтва, якое пакутуе”, - заўважыў Папа.