ҽ

Вокладка зборніка “Радасць” Вокладка зборніка “Радасць”  

Выйшаў зборнік выказванняў Францішка на тэму радасці

У Рыме выйшла кніга, якая ўключае ўрыўкі з энцыклік, гамілій, прамоў і пасланняў Папы на тэму радасці. За амаль дзесяць гадоў пантыфікату Францішак неаднаразова спыняўся на гэтай тэме.

Марыя Валодзіна - Pope

Зборнік пад назвай Радасць (La Gioia) выйшаў у выдавецтвах Libreria Editrice Vaticana і&Բ;Elledici. Ксёндз Дарыё Вігано, віцэ-канцлер Папскай акадэміі навук і Папскай акадэміі сацыяльных навук, патлумачыў у прадмове да кнігі значэнне гэтага пачуцця для хрысціян. Ён падкрэсліў, што “радасць верніка – гэта не наіўнасць або няздольнасць бачыць праблемы гісторыі”, гэта не проста аптымізм, “а хутчэй здольнасць глядзець на гісторыю вачыма Бога”.

Кніга складаецца з трох раздзелаў, альбо, па словах Дарыё Вігано, з “трох шляхоў падыходу да радасці”. Гэтыя шляхі акрэслены трыма дзеясловамі: быць, дзяліцца, сведчыць. “Быць” азначае асабістую і духоўную радасць, “дзяліцца” - радасць сяброўства і дапамогі, “сведчыць” - радасць жыцця па волі Божай, - патлумачыў святар.

“Гэта не тая кніга, якую чытаюць з першай па апошнюю старонку. Яе можна чытаць з любога месца, у любым парадку”, - удакладніў ён. - У наш час жудасных навін і смерцяў, гэтыя тэксты дазваляюць пашырыць сэрца, узняць погляд і зноў засвоіць досвед вернікаў.

“Касцёл – гэта досвед людзей, якія жывуць радасцю”, - адзначыў святар, запрашаючы задумацца пра вяселле ў Кане. У цэнтры гісторыі пра першы цуд Езуса знаходзіцца вяселле, на якім, аднак, адсутнічаў важны элемент, віно, якое з'яўляецца сімвалам радасці. Езус перамяніў ваду ў віно, “замацаваўшы Новы запавет, вечны, апошні і канчатковы", Запавет, які ўзнік з гэтага першага вялікага цуда віна, а менавіта радасці. Вось чаму, па словах аўтара прадмовы, “Касцёл – гэта народ мужчын і жанчын, якія жывуць у радасці ад таго, што яны сыны і дочкі Божыя”.

24 лістапада 2022, 10:56