У Сусветны дзень бедных у Ватыкане прайшоў абед з удзелам Папы
Марыя Валодзіна – Pope
На святочны абед было запрошана каля 1300 бяздомных, мігрантаў, беспрацоўных і беднякоў, якім дапамагаюць Caritas, Супольнасць святога Эгідзія і іншыя дабрачынныя арганізацыі. Многія з іх прынялі ўдзел у святой Імшы, якую раніцай Пантыфік адслужыў у базыліцы святога Пятра.
Акрамя таго, да Сусветнага дня бедных на плошчы святога Пятра ўсталявана мабільная клініка, у якой цягам тыдня тыя, хто жыве ў нястачы, могуць атрымаць медыцынскую дапамогу. У клініцы выдаюцца лекі і праводзяцца медыцынскія агляды, у тым ліку скрынінг і лячэнне ВІЧ, гепатыту і туберкулёзу.
Сусветны дзень бедных быў устаноўлены Францішкам у 2016 годзе на заканчэнне Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Ён адзначаецца ў Касцёле ў ХХХІІІ Звычайную нядзелю літургічнага года.
Па дадзеных каталіцкай дабрачыннай арганізацыі Caritas Italiana, у Італіі налічваецца 5,6 мільёна чалавек, якія жывуць у беднасці, з якіх 1,4 мільёна – дзеці.