ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец скіраваў ліст да ўкраінскага народа

“Ваш больш – мой боль”, - запэўніў Пантыфік у пасланні, якое 25 лістапада 2022 года скіраваў да ўсяго ўкраінскага народа. Папа выказаў сваю блізкасць і захапленне мужнасцю ўкраінцаў.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Дарагія браты і сёстры ўкраінцы! Вось ужо дзевяць месяцаў як на вашай зямлі было развязана абсурднае вар’яцтва вайны. У вашым небе безупынна гучыць злавесны грукат выбухаў і трывожнае выццё сірэн. Вашы гарады знішчаюць бомбамі, у той час як дажджы ракет нясуць смерць, разбурэнне і боль, голад, смагу і холад. Многія былі вымушаны ўцякаць вашымі дарогамі, пакідаючы свае дамы і блізкіх. Побач з вашымі вялікімі рэкамі кожны дзень цякуць рэкі крыві і слёз”, - пачаў сваё пасланне Папа.

“Я хацеў бы злучыць свае слёзы з вашымі і сказаць вам, што няма дня, калі б я не быў побач з вамі і не насіў бы вас у сэрцы і ў малітвах. Ваш боль – мой боль. На крыжы Езуса сёння я бачу вас, пакутуючых ад жаху, выкліканага гэтай агрэсіяй. Так, крыж, на якім мучылі Пана, зноў ажывае ў катаваннях, сляды якіх мы бачым на целах загінулых, у брацкіх магілах, знойдзеных у розных гарадах, у тых і ў многіх іншых крывавых вобразах, якія ўварваліся ў нашы душы і ўздымаюць вокліч: чаму? Як могуць людзі так ставіцца да іншых людзей?”, - напісаў Пантыфік.

“Мне ўспамінаюцца многія трагічныя гісторыі, пра якія я даведваюся. Найперш гэта гісторыі малых: колькі забітых, параненых ці асірацелых дзяцей, колькі адарваных ад маці! Я плачу разам з вамі па кожным дзіцятку, што з-за гэтай вайны страціла жыццё, як Кіра з Адэсы, як Ліза з Вінніцы, і як сотні іншых дзяцей: у кожным з іх спазнала паразу ўсё чалавецтва. Цяпер яны ва ўлонні Бога, бачаць вашы цярпенні і моляцца, каб яны скончыліся. Але як нам не перажываць за іх і за ўсіх тых, маладых і дарослых, якія былі дэпартаваныя? Боль украінскіх маці невылічальны”, - зазначыў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што думае таксама пра ўкраінскіх маладых людзей, якія каб мужна абараняць сваю бацькаўшчыну, павінны былі ўзяць у рукі зброю, а не мары аб будучыні, якія выношвалі. “Я думаю пра вас, жонкі, якія страцілі сваіх мужоў і, кусаючы вусны, працягваеце моўчкі, з годнасцю і рашучасцю ахвяраваць усім дзеля сваіх дзяцей; пра вас, дарослыя, што ўсяляк стараецеся абараніць сваіх блізкіх; пра вас, пажылыя, якія замест таго, каб мірна пражыць вечар свайго жыцця, былі кінутыя ў цёмную ноч вайны; пра вас, жанчыны, якія пацярпелі ад гвалту і нясуць вялікія цяжары ў сваіх сэрцах; пра ўсіх вас, параненых целам і душою. Я думаю пра вас і побач з вамі з любоўю і захапленнем за тое, як вы адказваеце на такія цяжкія выпрабаванні”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што думае пра валанцёраў, якія пражываюць кожны дзень дзеля людзей; пра пастыраў святога Божага народа, якія, часта рызыкуючы сваёй бяспекай, застаюцца побач з людзьмі, несучы Божае суцяшэнне і братэрскую салідарнасць, творча пераўтвараючы супольнасці і кляштары ў жыллё, каб прыняць, дапамагчы і  накарміць тых, хто апынуўся ў цяжкіх умовах. “Зноў жа, я думаю пра бежанцаў і ўнутраных перамешчаных асоб, якія апынуліся далёка ад сваіх дамоў, многія з якіх разбураны; і пра ўлады, за якіх я малюся: яны маюць абавязак кіраваць краінай у трагічныя часы і прымаць дальнабачныя рашэнні для міру і развіцця эканомікі падчас разбурэння такой колькасці жыццёва важных аб’ектаў інфраструктуры, як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці”, - напісаў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры, ва ўсім гэтым моры зла і болю – праз дзевяноста гадоў пасля жудаснага генацыду, Галадамору – я захапляюся вашым добрым запалам. Нягледзячы на велізарную трагедыю, якую перажывае, украінскі народ ніколі не падаў духам і не наракаў. Свет адкрыў для сябе смелы і моцны народ – народ, які пакутуе і моліцца, плача і змагаецца, супраціўляецца і спадзяецца: высакародны і пакутніцкі народ. Я працягваю быць побач з вамі сэрцам і малітвамі, з чалавечым клопатам, каб вы адчувалі суправаджэнне, каб вы не прызвычаіліся да вайны, каб вы не заставаліся адны сёння і перш за ўсё заўтра, калі, магчыма, паўстане спакуса забыць свае пакуты”, - запэўніў Францішак.

“У гэтыя месяцы, калі суворасць клімату робіць тое, што вы перажываеце, яшчэ больш трагічным, я хацеў бы, каб любоў Касцёла, сіла малітвы і любоў многіх братоў і сясцёр на розных шыротах, сталі ласкавым дотыкам да вашых твараў. Праз некалькі тыдняў будзе Божае Нараджэнне і скрыгатанне пакут будзе адчувацца яшчэ больш. Але я хацеў бы вярнуцца разам з вамі ў Бэтлеем, да выпрабаванняў, з якімі сустрэлася Святая Сям’я ў тую ноч, якая здавалася толькі халоднай і цёмнай. Замест гэтага прыйшло святло: не ад людзей, але ад Бога; не з зямлі, а з неба”, - напісаў Папа.

“Няхай Яго і наша Маці, Багародзіца, чувае над вамі. Яе Беззаганнаму Сэрцу ў еднасці з біскупамі ўсяго свету я прысвяціў Касцёл і чалавецтва, асабліва вашу краіну і Расію. Яе Мацярынскаму Сэрцу аддаю вашы пакуты і слёзы. У Той, якая, як пісаў вялікі сын вашай зямлі, “прынесла Бога ў наш свет”, не будзем стамляцца прасіць жаданага дару міра, з упэўненасцю, што “для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1,37). Няхай Ён споўніць справядлівыя чаканні вашых сэрцаў, залечыць вашыя раны і дасць вам сваё суцяшэнне. Я з вамі, малюся за вас і прашу вас маліцца за мяне. Няхай Пан вас благаславіць, а Багародзіца беражэ вас”, - завяршыў свой зварот Святы Айцец.
 

25 лістапада 2022, 14:55