ҽ

Францішак падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Бахрэйна ў Рым Францішак падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Бахрэйна ў Рым 

Папская прэс-канферэнцыя ў самалёце: погляд на вайну ва Украіне

Папа спаслаўся на вайну, якую Расія вядзе супраць Украіны, і прызнаўся, што самым вялікім няшчасцем у свеце сёння ён лічыць ваенную прамысловасць.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Бахрэйна ў Рым, 6 лістапада 2022 года вечарам, Францішак распавёў пра імкненне наладзіць перамовы паміж абодвума бакамі. “Святы Пасад пастаянна пільны, Дзяржсакратарыят знаходзіцца ў стане пастаяннай гатоўнасці, працуе, працуе добра. Я ведаю, што таксама сакратар па адносінах з дзяржавамі, арцыбіскуп Галахер шмат робіць”, - адзначыў ён.

Пантыфік нагадаў, што на наступны дзень пасля пачатку вайны ён адправіўся ў расійскае пасольства, каб пагаварыць з паслом. “Я сказаў яму, што гатовы паехаць у Маскву, каб размаўляць з Пуціным, калі спатрэбіцца. Лаўроў вельмі ветліва адказаў мне: “Дзякуй, пакуль не трэба. (...) Я тройчы размаўляў па тэлефоне з прэзідэнтам Зяленскім; потым яшчэ некалькі разоў з паслом. Вядзецца праца па збліжэнні, па пошуку рашэнняў”, - сказаў Францішак.

Ён падкрэсліў, што Святы Пасад робіць тое, што “рабіў заўсёды” у адносінах да зняволеных і абвяшчае мір. “Што мяне ўражвае – таму я і выкарыстоўваю слова “змучаная” ў дачыненні да Украіны – гэта жорсткасць, якая не з’яўляецца асаблівасцю расійскага народа (...), бо расійскі народ – цудоўны народ”, - патлумачыў Папа.

На яго думку, гэта робяць “найміты, салдаты, для якіх вайна – гэта прыгода”. “Я аддаю перавагу так думаць, таму што вельмі паважаю рускі народ, рускі гуманізм. Дастаткова падумаць пра Дастаеўскага, які працягвае натхняць нас, натхняць хрысціян думаць па-хрысціянску. Я вельмі люблю рускі народ і таксама вельмі люблю ўкраінскі народ”, - падзяліўся сваім меркаваннем Пантыфік.

Ён нагадаў пра “тры сусветныя вайны”: 1914-1918 гадоў, 1939-1945 гадоў і цяперашнюю. “Гэта сусветная вайна, бо праўдай з’яўляецца тое, што калі імперыі, як з аднаго, так і з другога боку, слабеюць, ім трэба весці вайну, каб адчуваць сябе моцнымі, а таксама прадаваць сваю зброю! Таму я лічу, што сёння самае вялікае няшчасце ў свеце – гэта зброевая прамысловасць”, - адзначыў Францішак.

Асобны зварот Святы Айцец скіраваў да супрацоўнікаў СМІ: “Вы, журналісты, калі ласка, будзьце пацыфістамі, выступайце супраць вайны, змагайцеся супраць вайны. Прашу вас аб гэтым як брат”.
 

06 лістапада 2022, 21:22