ҽ

intenzioni.jpg

Папская інтэнцыя: выратуем дзяцей, якія пакутуюць ва ўсім свеце

У лістападзе Папа заклікае маліцца за мільёны дзяцей, якія нясуць на сабе цяжар пакут і жывуць у рабскіх умовах. Сусветная сетка малітвы апублікавала відэапасланне, у якім ён асабіста каментуе сваю малітоўную інтэнцыю.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Францішак неаднаразова выступаў супраць тых, хто атрымлівае прыбытак ад рабскай працы дзяцей, падкрэсліваючы, што ў канцы свайго жыцця яны павінны будуць адказаць за гэта перад Богам. Паводле ацэнак, каля 150 мільёнаў непаўналетніх вымушаны працаваць. На практыцы гэта азначае кожнае дзясятае дзіця ў свеце.

Статыстыка апошніх гадоў паказвае, што каля 70 мільёнаў дзяцей і падлеткаў працуюць у небяспечных для жыцця ўмовах. Гандаль дзецьмі, прымус іх да працы і жабравання, сексуальная эксплуатацыя – гэта з’явы, якія маюць месца ў многіх краінах свету, у тым ліку ў Еўропе. Найгоршая сітуацыя ў краінах трэцяга свету, дзе дзяцей выкарыстоўваюць як рабоў у шахтах, для здабычы алмазаў або для актыўнага ўдзелу ў войнах.

“Усё яшчэ мільёны хлопчыкаў і дзяўчынак пакутуюць і жывуць ва ўмовах, блізкіх да рабства. Яны не лічбы – гэта людзі з імем, са сваім тварам, са сваёй ідэнтычнасцю, дадзенай Богам. Вельмі часта мы забываемся аб сваёй адказнасці і заплюшчваем вочы на эксплуатацыю тых дзяцей, якіх пазбавілі права гуляць, вучыцца і марыць. Яны не ведаюць, што такое сямейнае цяпло”, - звярнуў увагу Пантыфік у відэароліку.

Францішак падкрэсліў, што “кожнае дзіця, адкінутае на ўзбочыну, пакінутае сям'ёй, пазбаўленае школы і медыцынскай дапамогі, – гэта крык! Крык, які ўзносіцца да Бога і абвінавачвае сістэму, якую пабудавалі мы, дарослыя. Пакінутае дзіця – наша віна”, - падкрэсліў Папа.

Ён заклікаў зрабіць усё, каб ніводзін падлетак у сённяшнім свеце “не адчуваў сябе адзінокім і пакінутым” і меў "магчымасць атрымаць адукацыю і адчуць любоў сям'і, ведаць, што Бог не забывае пра яго”.

“Молімся аб тым, каб дзеці, якія пакутуюць, якія жывуць на вуліцы, ахвяры войнаў, сіроты, мелі доступ да адукацыі і маглі нанова адкрыць любоў сям’і”, - агучыў Святы Айцец сваю інтэнцыю на лістапад 2022 года.
 

01 лістапада 2022, 10:07