ҽ

Наступствы баявых дзеянняў у Харкаўскай вобласці Наступствы баявых дзеянняў у Харкаўскай вобласці 

Францішак: сусветныя войны не сталі ўрокам для чалавецтва

Вайна з пагрозамі выкарыстання ядзернай зброі з’яўляецца абсурдам, - адзначыў Святы Айцец у інтэрв’ю італьянскаму выданню La Stampa, апублікаваным 18 лістапада 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Усведамленне таго, што за ўсімі гэтымі трагедыямі стаяць уладалюбства і гандаль зброяй, выклікае асаблівую злосць і смутак”, - прызнаўся Пантыфік, каментуючы канфлікт, які ён сам называе трэцяй сусветнай вайной.

“Мне казалі, што калі б на працягу аднаго года не вырабляць і не прадаваць зброю, можна было б перамагчы голад на планеце. Аднак заўсёды бярэ верх схільнасць да знішчэння, якая вядзе да войнаў”, - са шкадаваннем адзначыў ён. Папа таксама нагадаў, што “калі імперыі слабеюць, яны імкнуцца распачынаць войны, каб адчуваць сябе моцнымі, а таксама пачынаюць прадаваць узбраенні”.

Святы Айцец заўважыў, што адбываецца ўжо трэцяя сусветная вайна на працягу аднаго стагоддзя, але гэта нічаму не вучыць чалавецтва.  Ён адзначыў, што дастаткова пайсці на могілкі ахвяр Другой сусветнай вайны, каб убачыць колькі маладых жыццяў знішчаецца падчас ваенных канфліктаў.

Францішак распавёў, што Апостальская Сталіца ўважліва сочыць за развіццём сітуацыі ва Украіне. Дзяржаўны сакратарыят кожны дзень аналізуе розныя гіпотэзы і надае значэнне кожнаму пробліску, які можа прывесці да сапраўднага спынення агню і рэальных перамоў. Святы Пасад гатовы выступіць пасрэднікам, стварае сетку адносін, каб дапамагчы знайсці выйсце з канфлікту, аказвае гуманітарную падтрымку насельніцтву шматпакутнай Украіны і робіць усё неабходнае, каб дапамагчы палонным.

Пантыфік прызнаўся, што спадзяецца на мір, які, на яго думку, з’яўляецца магчымым, але патрабуе таго, каб усе прыклалі намаганні на карысць “дэмілітарызацыі сэрцаў”, пачынаючы з уласнага, а потым спыніць насілле.

“Мы ўсе павінны быць пацыфістамі. Прагнуць міру, не проста перамір’я, якое, магчыма, паслужыць толькі пераўзбраенню, але прагнуць сапраўднага міру, які з’яўляецца плёнам дыялогу. Ён не дасягаецца з дапамогай зброі, бо зброя не перамагае нянавісць і прагу панавання, якія ўсё роўна праявяцца. Можа па-іншаму, але праявяцца”, - папярэдзіў Святы Айцец.
 

18 лістапада 2022, 10:40