ҽ

Аўдыенцыя для супольнасці Папскага непамуцкага калегіума Аўдыенцыя для супольнасці Папскага непамуцкага калегіума 

Папа: сумленне мае першынства над любой свецкай уладай

Захоўваць жывымі карані адвагі і евангельскай цвёрдасці, вучыцца свабодзе, заснаванай на адносінах з Хрыстом, быць будаўнікамі мастоў, - заклікаў Пантыфік супольнасць Папскага непамуцкага калегіума.

Аляксандр Панчанка – Pope

10 лістапада 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю структуры для чэшскіх святароў і семінарыстаў, якая знаходзіцца ў Рыме і носіць імя багемскага святара і мучаніка святога Яна Непамуцкага, загінулага ў XIV стагоддзі. Ён нагадаў, што нябесны апякун калегіума быў забіты за тое, што адмовіўся парушыць таямніцу споведзі: сказаў “не” каралю, каб пацвердзіць сваё “так” Хрысту і Касцёлу.

“І гэта прымушае задумацца пра тое, што павінны былі спазнаць многія святары і біскупы на працягу гісторыі пад рознымі аўтарытарнымі і таталітарнымі рэжымамі”, - сказаў Францішак, нагадваючы пра пераслед Касцёла ў Чэхіі, якія адбываўся на працягу сарака гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. “І сёння я разам з вамі аддаю даніну памяці шматлікім святарам і біскупам, кансэкраваным асобам, а таксама многім свецкім, якія, з дапамогай Божай ласкі, мелі адвагу казаць “не” рэжыму, каб заставацца вернымі свайму пакліканню і місіі”, - дадаў Святы Айцец.

Папа пажадаў, каб гэтыя “карані адвагі і евангельскай непахіснасці”, якія сягаюць да святога Яна Непамуцкага, ніколі не заставаліся проста “таблічкай, якую можна павесіць на мур” ці “музейным экспанатам”. “Карані павінны быць жывымі, бо таксама і сёння ёсць патрэба ў іх жыццядайных соках. Таксама і сёння ў Еўропе і ва ўсіх частках свету, каб быць хрысціянамі, асабліва служыцелямі Касцёла, трэба казаць “не” сілам гэтага свету, пацверджаючы “так” Евангеллю. Часам гаворка ідзе пра палітычныя ўлады, часам пра ідэалагічныя і культурныя”, - зазначыў Францішак, падкрэсліваючы, што сёння яны дзейнічаюць больш вытанчана, выкарыстоўваючы СМІ, каб аказваць ціск, дыскрэдытаваць, шантажаваць, ізаляваць ці весці на шлях марнасці.

“Сведчанне святога Яна Непамуцкага сёння больш, чым калі-небудзь, нагадвае нам пра першынства сумлення над любой свецкай уладай; пра першынства чалавечай асобы, яе неад’емнай годнасці, цэнтрам якой з’яўляецца сумленне, якое разумеецца не ў чыста псіхалагічным сэнсе, але ва ўсёй паўнаце, як адкрытасць на трансцэндэнтнае”, - сказаў Папа, выказваючы пажаданне, каб чэшскі калегіум, які носіць імя вялікага багемскага святара і мучаніка, заўсёды быў “домам і школай свабоды, унутранай свабоды, заснаванай на адносінах з Хрыстом і Святым Духам”, і якая “выяўляецца таксама ў пачуцці гумару”.

Пантыфік нагадаў, што закатаванае цела Яна Непамуцкага было скінула з пражскага Карлава маста ў Влтаву, у сувязі з чым гэты святы ўшаноўваецца як нябесны абаронца мастоў. “Таму належнай формай ушанавання яго памяці было б імкненне, у канкрэтным жыцці, будаваць масты там, дзе ёсць падзелы, адлегласці, непаразуменні. Больш за тое: самімі быць мастамі, пакорнымі і мужнымі прыладамі сустрэчы, дыялогу паміж людзьмі, паміж групамі, пазначанымі адметнасцямі і канфрантацыяй. Гэта рыса, якая адпавядае тоеснасці служыцелей Хрыста, як паказваюць біяграфіі шматлікіх святых святароў і біскупаў, якія ў сітуацыях канфліктаў былі творцамі міру і прымірэння”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што будаваць масты немагчыма без малітвы, асабліва без малітвы заступніцтва: “дзень за днём, настойліва стукаючы ў сэрца Хрыста, закладваюцца асновы для таго, каб два далёкія і варожыя берагі маглі вярнуцца да адносін”, - сцвердзіў ён, нагадваючы словы кардынала Карла Марціні, які падчас вайны ў Персідскім заліве ў 1991 годзе, казаў: “Заступацца азначае станавіцца там, дзе адбываецца канфлікт, паміж двума бакамі ў канфлікце. […] Гэта жэст Езуса Хрыста на крыжы”. Францішак падкрэсліў, што гэтыя словы маюць асаблівую актуальнасць у кантэксце цяперашняй вайны ва Украіне.

Святы Айцец нагадаў, што сам Езус Хрыстус з’яўляецца мостам і будаўніком мастоў: “Ён – наш мір, Ён разбурыў і разбурае муры варожасці”. “Менавіта да Яго мы заўсёды павінны накіроўваць і прыцягваць людзей, сем’і, супольнасці. Гэта тое, што мы робім у самы важны момант кожнага нашага дня, калі цэлебруем святую Імшу. У цэнтры не можам і не павінны быць мы, але Ён! Давайце будзем пазбягаць спакусы свецкага пратаганізму (...), які часта падманвае нас, апранаючыся ў высакародныя мэты. Для кожнага з нас няхай будзе заўсёды актуальным дэвіз Яна Хрысціцеля: “Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым” (Ян 3, 30)”, - сказаў чэшскім святарам і семінарыстам Францішак.

10 лістапада 2022, 12:03