ҽ

Папа падчас сустрэчы з моладдзю ў Бахрэйне Папа падчас сустрэчы з моладдзю ў Бахрэйне 

Францішак моладзі: будзьце чэмпіёнамі па братэрстве

Засвоіць культуру клопату, сеяць братэрства і не баяцца рабіць выбар у жыцці, - заклікаў Папа моладзь розных веравызнанняў, з якой сустрэўся ў рамках свайго Апостальскага падарожжа ў Бахрэйн.

Аляксандр Панчанка - Pope

5 лістапада 2022 года Францішак адведаў сярэднюю школу Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Манаме. Ён прызнаўся, што вельмі рады ўбачыць маладых людзей розных рэлігій, якія не баяцца быць разам. “Я думаю, што без вас гэта мірнае суіснаванне ў адметнасцях было б немагчымым”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы юнакоў і дзяўчат не баяцца ўступаць у дыялог і станавіцца асновай для сяброўскага і салідарнага грамадства.

Святы Айцец скіраваў да моладзі тры заклікі. У першую чаргу ён заахвоціў юнакоў і дзяўчат засвоіць культуру клопату, якая прадугледжвае “развіццё эмпатычнага ўнутранага стаўлення, уважлівага погляду, які выводзіць нас па-за саміх сябе, далікатнай прысутнасці, што перамагае абыякавасць і падштурхоўвае цікавіцца іншымі”. Культура клопату з’яўляецца “супрацьяддзем ад закрытага свету, прасякнутага індывідуалізмам”, а таксама дае магчымасць “адчуць смак радасці сяброўства і бескарыслівасці”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадваў, што Езус заўсёды быў клапатлівым да тых, каго сустракаў на шляху. “Ён увайшоў у гісторыю, каб сказаць нам, што Найвышэйшы клапоціцца пра нас; каб нагадаць, што быць на баку Бога значыць клапаціцца пра кагосьці і пра штосьці, асабліва пра найбольш патрабуючых”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак заклікаў моладзь быць людзьмі клопату і мастакамі адносін, падкрэсліваючы, што ўсё ў жыцці патрабуе “нястомнай трэніроўкі”. “Таму не забывайце ў першую чаргу клапаціцца пра саміх сябе, не столькі пра знешні выгляд, колькі пра ўнутраны свет, пра самую патаемную і каштоўную частку сябе. Што гэта за частка? – Гэта ваша душа, ваша сэрца”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што любоў – гэта “не мыльная опера і не рамантычны фільм”. “Любіць – значыць насіць у сэрцы іншага, клапаціцца пра іншага, ахвяроўваць свой час і дары тым, хто мае патрэбу, рызыкаваць, каб зрабіць жыццё дарам, які спараджае далейшае жыццё”, - адзначыў Святы Айцец.

Другі заклік Францішак – сеяць братэрства, становячыся “чэмпіёнамі па братэрстве”. Ён заўважыў, што сучасных тэхналогій недастаткова для таго, каб зрабіць свет больш братэрскім і пагасіць ветры вайны. “Мы з сумам канстатуем, што ў многіх рэгіёнах напружанасць і пагрозы ўзрастаюць, а часам і выліваюцца ў канфлікты. Але гэта часта здараецца таму, што мы не працуем над сэрцам, таму што мы дазваляем аддаленасці ад іншых пашырацца, і такім чынам этнічныя, культурныя, рэлігійныя і іншыя адрозненні становяцца праблемамі і страхамі, якія ізалююць, а не магчымасцямі для сумеснага росту. І калі яны здаюцца мацнейшымі за братэрства, якое нас звязвае, ёсць рызыка сутыкнення”, - патлумачыў Папа.

Трэці заклік Святога Айца – рабіць выбар у жыцці, для чаго неабходна навучыцца распазнаваць голас Бога. Гэта робіцца праз малітву, шчыры дыялог з Ім, а таксама праз зварот да мудрых і вартых даверу людзей, якія дапамогуць і скіруюць у добрым напрамку: бацькоў, пажылых людзей, бабуль і дзядуль, духоўных кіраўнікоў.

“Дарагая моладзь, мы маем патрэбу ў вас, у вашай крэатыўнасці, у вашых марах і адвазе, у вашай сімпатыі і ўсмешках, у вашай заразлівай радасці, а таксама ў той дробцы вар’яцтва, якую вы ўмееце ўнесці ў кожную сітуацыю і якая дапамагае выйсці са здранцвення звычак і паўтаральных схем, у якія мы часам упакоўваем сваё жыццё. Як Папа я хачу сказаць вам: Касцёл з вамі і мае вялікую патрэбу ў вас, у кожным з вас, каб амаладзіцца, даследаваць новыя шляхі, адкрываць новыя мовы, станавіцца больш радасным і гасцінным. Ніколі не губляйце смеласці марыць і жыць па-вялікаму!”, - заклікаў бахрэйнскую моладзь Пантыфік.
 

05 лістапада 2022, 12:19