ҽ

Папа: молімся, каб Касцёл быў месцам братэрства і адкрытасці

У кастрычніку Пантыфік заклікае маліцца аб тым, каб Касцёл глыбей жыў сінадальнасцю. Ён абвясціў інтэнцыю ў відэароліку, які 3 кастрычніка 2022 года абнародавала Сусветная сетка малітвы Папы.

Аляксандр Панчанка - Pope

Францішак нагадаў, што грэчаскае слова “сінод” азначае “ісці разам” і ісці ў адным напрамку. “І менавіта гэтага Бог чакае ад Касцёла трэцяга тысячагоддзя: каб ён вярнуў сябе ўсведамленне таго, што з’яўляецца народам, які пілігрымуе, і што павінен пілігрымаваць разам”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што “Касцёл у такім сінадальным стыле – гэта Касцёл уважлівы, які ведае, што чуць – гэта нешта большае, чым слухаць”.

“Гэта значыць прыслухоўвацца адзін да аднаго ў нашай разнастайнасці і раскрываць дзверы для тых, хто знаходзіцца па-за Касцёлам. Гаворка не ідзе пра збор меркаванняў ці стварэнне парламенту. Сінод – гэта не апытанне; гэта слуханне пратаганіста, якім з’яўляецца Святы Дух, гаворка ідзе пра малітву. Без малітвы не будзе Сінода”, - падкрэсліў Францішак.

Папа заклікаў вернікаў скарыстацца магчымасцю, каб стаць “Касцёлам блізкасці, Божага стылю блізкасці”, а таксама падзякаваць “усяму Божаму народу, які, уважліва слухаючы ідзе сінадальным шляхам”. “Молімся, каб Касцёл, верны Евангеллю і адважны ў яго абвяшчэнні, быў месцам салідарнасці, братэрства і адкрытасці, усё глыбей жывучы сінадальнасцю”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Святы Айцец.
 

03 кастрычніка 2022, 16:00