Пантыфік: дзейнічаць на мяжы як святы Францішак і ксёндз Пулізі
Марыя Валодзіна – Pope
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы з прамовай, Святы Айцец адзначыў, што іх дзейнасць носіць адбітак дзвюх харызматаў: старажытнага харызмату святога Францішка Асізскага і новага харызмату благаслаўлёнага Джузэпэ Пулізі, святара-мучаніка, які аддаў жыццё за свой народ, асабліва за моладзь.
На думку Пантыфіка, і святы Францішак, і ксёндз Пулізі жылі Евангеллем на "мяжы". "Мяжа" – гэта стыль Езуса, які выйшаў насустрач згубленым авечкам. Мяжа – гэта таксама стыль святога Францішка, які пазбавіўся сваіх багаццяў і стаў жабраком, цалкам давераўшыся Богу. Мяжа – гэта стыль Піна Пулізі, які вучыў падлеткаў сваёй парафіі служыць Богу і бліжняму, а не сваім інтарэсам ці інтарэсам мафіі.
“Мяжа гэта не лозунг, гэта лад жыцця”, – лічыць Францішак. Гісторыі ўдзельнікаў сустрэчы падцвярджаюць гэта: ўсе яны розныя, таму што кожны з удзельнікаў унікальны і непаўторны. “Але ва ўсіх іх ёсць тое, што аб'ядноўвае як залатая нітка: нітка любові, якая перамагае зло і спараджае жыццё, любові, якая вітае і слухае; любові, якая ёсць блізкасцю, пяшчотай, спачуваннем; любові, якая ёсць павагай, годнасцю, рухам наперад”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Акрамя таго Пантыфік узгадаў яшчэ адзін харызмат: салезіянскі харызмат святога Яна Боска, які заахвочвае прысвяціць сябе дзецям і моладзі, каб яны сталі добрымі хрысціянамі і сумленнымі грамадзянамі.
Напрыканцы свайго зварота Папа падкрэсліў самы важны элемент, стрыжань усяго: у цэнтры дзейнасці павінен знаходзіцца ўваскрослы Езус. Супольнасць прысвячае сябе яму, каб перадаць яго святло, каб хлопчыкі і дзяўчынкі, якія знаходзяцца ў цемры, маглі “прыйсці да святла”, адрадзіцца да новага жыцця.
Святы Айцец падзякаваў супольнасці і нагадаў ніколі не губляць стыль Пана: блізкасць, пяшчоту, спачуванне, каб распаўсюдзіць насенне Евангелля на сапраўдную мяжу свету, якая ёсць чалавечым сэрцам. Ён благаславіў удзельнікаў і папрасіў маліцца за яго.