Апублікавана праграма папскага падарожжа ў Бахрэйн
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Пантыфік прыбудзе на Авіябазу Сахір у Авалі 3 лістапада 2022 года каля 16.45. У гэты дзень, акрамя цырымоніі прывітання, запланаваны дзве сустрэчы: з Каралём Бахрэйна, а таксама з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.
На наступны дзень, 4 лістапада, Францішак прыме ўдзел ва ўрачыстым закрыцці Бахрэйнскага форуму на карысць дыялогу: Усход і Захад за чалавечае суіснаванне (Bahrain Forum for Dialogue: East and West for Human Coexistence). Пасля абеду яго чакае размова з Вялікім імамам Аль-Азхара, а затым – з мясцовай Мусульманскай радай старэйшын. Завершыць дзень экуменічная сустрэча і малітва за мір у катэдры Маці Божай Аравійскай.
5 лістапада Пантыфік прысвеціць мясцовай каталіцкай супольнасці. Спачатку ён прыме ўдзел у Імшы на Бахрэйнскім нацыянальным стадыёне, падчас якой прамовіць гамілію, а затым, у мясцовай Школе Найсвяцейшага Сэрца, правядзе сустрэчу з моладдзю.
У апошні дзень візіту, 6 лістапада, Францішка чакае сустрэча з духавенствам, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі супрацоўнікамі. Яна адбудзецца ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца ў Манаме. Там ён узначаліць малітву Анёл Панскі.
Вяртанне Папы ў Рым чакаецца вечарам таго ж дня.