Анёл Панскі з Папам: малітва – лек для веры, які ўмацоўвае душу
Аляксандр Панчанка - Pope
Францішак пракаментаваў евангельскі літургічны ўрывак на ХХІХ Звычайную нядзелю, які завяршаецца трывожным пытаннем Езуса: “Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?” (Лк 18,8). Пан “нібыта кажа: калі Я прыйду напрыканцы гісторыі – але, можам падумаць, што таксама і цяпер, у гэты момант жыцця – ці знайду хоць нямнога веры ў вас, у вашым свеце?”, - зазначыў Святы Айцец.
“Гэта сур’ёзнае пытанне. Уявім, што Пан прыйдзе на зямлю сёння: на жаль, Ён убачыў бы шматлікія войны, беднасць і няроўнасць, а ў той жа час вялікія тэхналагічныя дасягненні, сучасныя сродкі і людзей, якія заўсёды спяшаюцца, не спыняючыся ніколі; але ці знойдзе Ён тых, хто прысвячае Яму час і любові, хто ставіць Яго на першае месца? А ў першую чаргу, давайце запытаемся ў сябе: што Ён знайшоў бы ўва мне, у маім жыцці, у маім сэрцы? Якія прыярытэты ў маім жыцці Ён убачыў бы?”, - прапанаваў задумацца Пантыфік.
Святы Айцец падкрэсліў, што мы “часта засяроджваемся на многіх неадкладных, але не неабходных рэчах, клапоцімся і турбуемся пра многія другарадныя справы; і магчыма, самі таго не ўсведамляючы, забываем пра тое, што па-сапраўднаму важна, дазваляючы паступова астыць нашай любові да Бога”.
“Сёння Езус дае нам сродак, каб распаліць астылую любові. Які гэта сродак? – Малітва. Так, малітва – гэта лек для веры, яна ўмацоўвае душу. Трэба, аднак, каб малітва была пастаяннай. Калі мы павінны прайсці лячэнне для лепшага самаадчування, важна добра прытрымлівацца яго, прымаць лекі адпаведным чынам і ў належны час, з пастаянствам і рэгулярнасцю. У жыцці так трэба рабіць ва ўсім. Давайце падумаем пра расліну, якую трымаем дома: мы павінны паліваць яе рэгулярна, кожны дзень, не можам адзін раз заліць яе, а потым не даваць ёй вады на працягу тыдняў! Гэта яшчэ больш важна для малітвы: нельга жыць ёй толькі ў хвалюючыя моманты ці падчас малітоўных сустрэч, а потым упадаць у летаргічны сон. Так наша вера засохне. Патрэбна штодзённая вада малітвы, час, прысвечаны Богу, каб Ён мог увайсці ў наш час; рэгулярныя моманты, падчас якіх адкрываем перад Ім сэрца, каб Ён мог кожны дзень уліваць у нас любоў, супакой, радасць, сілу, надзею; гэта значыць сілкаваць нашу веру”, - сказаў Францішак.
Папа зазначыў, што менавіта па гэтай прычыне Езус сёння кажа “сваім вучням – усім, а не толькі некаторым – пра патрэбу заўсёды маліцца і не падаць духам”. “Але хтосьці можа запярэчыць: “Як я змагу рабіць гэта? Я не жыву ў манастыры, не маю шмат часу для малітвы”. Тут нам на дапамогу можа прыйсці мудрая духоўная практыка, нават калі крыху забытая сёння, якую нашы старыя, асабліва бабулі, ведаюць добра: так званыя пацеры”, - сказаў Святы Айцец, патлумачыўшы, што гаворка ідзе пра кароткія малітвы, лёгка запамінальныя, якія можам паўтараць на працягу дня, падчас розных заняткаў, каб заставацца “на адной хвалі” з Панам.
“Давайце прывядзем некалькі прыкладаў. Адразу пасля прабуджэння мы можам сказаць: “Пане, дзякую Табе і давяраю Табе гэты дзень”. Потым, перш чым пачаць дзейнасць, мы можам паўтарыць: “Прыйдзі, Дух Святы”, а паміж адным і іншым заняткам можам маліцца так: “Езу, давяраю Табе і люблю Цябе”. Гэта кароткія малітвы, якія трымаюць нас у кантакце з Панам. Мы ж часта пасылаем кароткія пасланні людзям, якіх любім! Давайце таксама рабіць гэта з Панам, каб сэрца заставалася злучаным з Ім. І не будзем забываць чытаць Яго адказы. Дзе іх знойдзем? – У Евангеллі, якое трэба заўсёды трымаць пад рукой і адкрываць кожны дзень, каб атрымліваць Слова жыцця, скіраванае да нас”, - заклікаў Папа, прапануючы разам памаліцца да Панны Марыі, вернай у слуханні, каб навучыла нас мастацтву няспыннай і нястомнай малітвы.