Папа да нунцыяў: свет узрушаны вайной з рызыкай ядзернай эскалацыі
Аляксандр Панчанка - Pope
Францішак распачаў сустрэчу прывітальным словам, у якім падзякаваў нунцыям за візіт, адзначаючы, што некаторым з іх давялося пераадолець нямала цяжкасцей, каб прыехаць у Ватыкан.
“Бура пандэміі COVID-19 прымусіла нас да розных абмежаванняў у штодзённым жыцці і нашай душпастырскай дзейнасці. Цяпер здаецца, што горшае ўжо мінулае, і дзякуй Богу, мы можам сустрэцца зноў. Але, Еўропа і ўвесь свет, на жаль, узрушаны вайной асаблівай цяжкасці, як з-за парушэння міжнароднага права, так і з-за рызыкі ядзернай эскалацыі, а таксама з-за сур’ёзных эканамічных і сацыяльных наступстваў. Гэта “фрагментарная” трэцяя сусветная вайны, сведкамі якой вы з’яўляецеся на месцах, дзе выконваеце вашу місію”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец падзякаваў сваім дыпламатычным прадстаўнікам за тое, што яны зрабілі і робяць у гэтых сітуацыях пакут. “Вы наблізілі Папу да народаў і Касцёлаў; вы былі кропкамі апоры ў моманты найбольшай разгубленасці і неспакою”, - дадаў ён.
Пантыфік скарыстаўся нагодай, каб узгадваць пра нунцыяў, якія памерлі на працягу апошніх трох гадоў, і якія з неба заклікаюць глядзець наперад і ўвышыню. “Давайце з такім позіркам будзем працягваць нашу працу ў сучаснасці Касцёла і свету, давяраючы ласцы Пана”, - сказаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што Касцёл прымае ўдзел у сінадальным шляху, які павінен дапамагчы Божаму народу ўзрастаць у вымярэнні сінадальнасці, а таксама нагадаў, што “мы маем на гарызонце Юбілей 2025 года, падрыхтоўка да якога ўжо распачалася”. Пантыфік адзначыў, што ў Рымскай курыі пачалося выкарыстанне Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium, якая распрацоўвалася амаль дзевяць гадоў і таму патрабуе часу, каб цалкам увайсці ў сілу.
Пасля прывітальнага слова адбылася размова Святога Айца з нунцыямі. Вечарам яны збяруцца разам у Сікстынскай капэле на ўрачыстыя Нешпары.
Візіт папскіх дыпламатычных прадстаўнікоў у Ватыкан адбываецца з 7 па 10 верасня 2022 года. Па ініцыятыве Францішка такія сустрэчы праводзяцца кожныя тры гады. Праграма форума прадугледжвае размовы з Папам, кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыяту і Рымскай курыі, дыпламатычным корпусам, акрэдытаваным пры Апостальскай Сталіцы, а таксама супольныя малітвы, дыскусіі і працу ў групах.