ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа даверыў Багародзіцы сітуацыі ў М’янме, Украіне і Камеруне

Францішак даверыў Багародзіцы вырашэнне складаных сітуацый у М’янме, Украіне і Камеруне. Адмысловы заклік ён скіраваў перад малітвай Анёл Панскі, якую правёў 25 верасня 2022 года ў горадзе Матэра.

Аляксандр Панчанка - Pope

На заканчэнне святой Імшы, якая прайшла з нагоды закрыцця 27-га Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, Папа заклікаў даручыць Панне Марыі, эўхарыстычнай жанчыне, шлях Касцёла ў Італіі, каб у кожнай яго супольнасці адчуваўся водар Хрыста, жывога Хлеба, які сышоў з Неба, а таксама заахвоціў прасіць Багародзіцу аб матчыным заступнітве ў самых тэрміновых патрэбах свету.

У першую чаргу Пантыфік скіраваў свае думкі да насельніцтва М’янмы. “На гэтым тыдні мяне дасягнуў крык болю з прычыны гібелі дзяцей у разбомбленай школе. Мы бачым, што ў гэтым свеце сёння існуе мода – бамбіць школы. Няхай жа крык гэтых дзяцей не застанецца непачутым. Такія трагедыі не павінны паўтарацца”, - сказаў Папа.

“Няхай жа Марыя, Каралева супакою, суцешыць шматпакутны ўкраінскі народ і выпрасіць для кіраўнікоў народаў сілу волі, каб неадкладна знайшлі эфектыўныя ініцыятывы, якія прывядуць да завяршэння вайны”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец далучыўся таксама да закліку біскупаў Камеруна аб вызваленні васьмі чалавек, выкрадзеных у дыяцэзіі Мамфэ, сярод якіх пяць святароў і адна законніца. “Малюся за іх і за насельніцтва касцёльнай правінцыі Бамэндзі: няхай Пан адорыць мірам у сэрцах і грамадскім жыцці гэту дарагую краіну”, - сказаў Францішак.
 

25 верасня 2022, 12:09