ҽ

Падчас Імшы ў Нур-Султане Падчас Імшы ў Нур-Султане 

Папа да католікаў Азіі: Езус ратуе ад “ядавітых укусаў” свету

“Крыж – гэта эшафот смерці, але ў гэты дзень мы малітоўна адзначаем свята Узвышэння Святога Крыжа. Бо на гэтым дрэве Езус узяў на сябе наш грэх і зло свету і перамог іх сваёй любоўю”, - звярнуўся Папа да казахстанскіх католікаў.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Падчас Імшы, якая прайшла 14 верасня 2022 года на тэрыторыі выставачнага комплекса EXPO ў Нур-Султане, Францішак спаслаўся на літургію слова, у якой супрацьпастаўляюцца, з аднаго боку, ядавітыя змеі, якія кусалі народ Ізраэля, і, з другога боку, змей, якога, па загадзе Бога, зрабіў Майсей для ратавання ізраільцянаў.

Змеі нападалі на народ, які чарговы раз упаў у грэх наракання. “Наракаць на Бога азначае не толькі ліхасловіць і скардзіцца на Яго; гэта азначае нешта больш глыбокае, што ў сэрцах ізраільцянаў давер да Яго, да Яго абяцання, пацярпеў крах”, - заўважыў Пантыфік.

“Насамрэч, д'ябал, менавіта ў выглядзе змея, спакушае Адама і Еву, уводзіць іх у зман, пераконваючы, што Бог не добры, ды і наогул, ён зайздросціць іх волі і шчасцю”, - працягнуў разважанне Святы Айцец.

Ён лічыць, што першая частка фрагмента кнігі Лічбаў (21, 4b-9) “запрашае больш уважліва прыгледзецца да тых момантаў у нашай асабістай і агульнай гісторыі, калі пацярпеў крах давер, як да Пана, так і паміж намі”. Папа патлумачыў, што гаворка ідзе пра “моманты стомленасці і выпрабаванняў, калі ў чалавека больш няма сіл узнесці позірк да Бога; гэта сітуацыі асабістага, касцёльнага і грамадскага жыцця, калі нас кусае змяя недаверу, якая ўпырсквае ў нас яды расчаравання і засмучэння, песімізму і пакорнасці лёсу, замыкаючы нас у нашым эга, гасячы энтузіязм”.

Папа падчас Імшы ў Нур-Султане
Папа падчас Імшы ў Нур-Султане

Пантыфік нагадаў і пра “ядавіты ўкус” атэістычнага пераследу. Ён заклікаў “беражліва захоўваць успаміны пра перажытыя пакуты”, бо “інакш мы можам паверыць, што яны – гэта вада, якая выцекла і назад не вернецца, і што шлях дабра назаўжды пракладзены”. “Не, мір нельга здабыць раз і назаўсёды, яго трэба здабываць кожны дзень, як і суіснаванне розных этнічных груп і рэлігійных традыцый, суцэльнае развіццё, сацыяльную справядлівасць”, - падкрэсліў ён.

Гаворачы пра сімвал змея, які ратуе, Францішак нагадаў пра Езуса, узнесенага на дрэве крыжа; гэта Ён “не дазваляе атрутным змеям, нападаючым на нас, прывесці нас да смерці”. “Перад абліччам нашай подласці Бог дорыць нам новую вышыню: калі мы накіроўваем свой позірк на Езуса, укусы зла больш не могуць панаваць над намі, таму што Ён на крыжы прыняў на сябе яд граху і смерці і перамог іх разбуральную сілу. Вось як зрабіў Нябесны Айцец, рэагуючы на распаўсюджванне зла ў свеце: Ён даў нам Езуса, Які зблізіўся з намі так, як мы ніколі не маглі б сабе ўявіць”, - звярнуў увагу вернікаў Папа.

Францішак вітае католікаў, якія сабраліся на Імшу на тэрыторыі EXPO
Францішак вітае католікаў, якія сабраліся на Імшу на тэрыторыі EXPO

Гледзячы на Езуса ўкрыжаванага, “мы можам па-новаму ўбачыць нашае жыццё і гісторыю нашых народаў”, - працягнуў Францішак. Ён патлумачыў, што “ад крыжа Хрыста мы вучымся любові, а не нянавісці; вучымся спагадзе, а не абыякавасці; вучымся дараваць, а не помсціць”.

“Працягнутыя рукі Езуса – гэта абдымкі пяшчоты, у якія Бог хоча заключыць нас. І яны паказваюць нам братэрства, паміж сабой і з усімі, у якім мы пакліканы жыць. Яны паказваюць нам шлях, хрысціянскі шлях: не шлях навязвання і прымусу, улады і значнасці. (...) Шлях Езуса – іншы, шлях збаўлення: гэта шлях пакорлівай, бескарыслівай і ўсеагульнай любові, без "калі" і "але", - дадаў Пантыфік.

Завяршаючы сваю гамілію, Святы Айцец нагадаў, што “быць хрысціянамі – значыць жыць без атруты: не кусаць адно аднаго, не наракаць, не вінаваціць, не пляткарыць, не распаўсюджваць злыя справы, не забруджваць свет грахом і недаверам, якія выходзяць ад злога”.
 

14 верасня 2022, 13:22