Францішак: уявім позірк Езуса на старонках Евангелля
Аляксандр Панчанка - Pope
Папа прызнаўся, што яго заўсёды ўражвае такі аспект, як важнасць позіркаў у Евангеллі – дэталь, на якую шматразова звяртаецца ўвага ў кнізе Тарніелі. “На кожнай старонцы Евангелля прысутнічаюць позіркі; гэта спосаб сустрэчы людзей з Езусам”, - падкрэсліў ён.
Францішак прапанаваў уявіць вочы Закхея і сляпога з Ерыхону, якія шукалі Хрыста, позіркі настаўнікаў Закону, які хацелі выпрабоўваць Пана, здзіўленых людзі, якія не разумелі Яго. Важна паразважаць і пра тое, як Езус глядзеў на іх. “Недастаткова толькі чытаць, недастаткова слухаць, будзе цудоўна, калі мы асабіста ўвойдзем у евангельскія эпізоды, уяўляючы позірк Езуса ў розуме і сэрцы”, - напісаў Святы Айцец, прапануючы задумацца таксама пра тое, як Хрыстус глядзеў на фарысеяў, на бедную ўдаву, якая ахвяравала апошнія грошы ў святыні, на людзей, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
“Падумаем пра Магдалену, якая прыйшла да магілы і меркавала, што ўваскрослы Езус – гэта садоўнік. А потым Пан аб’явіў сябе: тое самае здараецца з намі, калі бярэм у рукі Евангелле, чытаем урывак і ў пэўны момант Пан адкрываецца нашаму позірку, аб’яўляецца нам і мы перажываем выключны досвед здзіўлення, які дае магчымасць сустрэць Езуса”, - напісаў Папа.
Францішак заклікаў наблізіцца да эпізодаў з жыцця Хрыста з вачыма, поўнымі сузірання. “Гэта праўда, што вера пачынаецца са слухання, але сустрэча пачынаецца з бачання. Таму важна слухаць і бачыць Езуса ў Евангеллі”, - адзначыў ён, дадаючы, што кніга Андрэа Тарніелі можа дапамагчы ўвайсці ў кантакт з Богам, не як з вялікай гістарычнай постаццю, рэлігійным лідарам ці настаўнікам этыкі, а як з Панам жыцця.